Пракуроры праінспектавалі школы вобласці і выявілі «факты фармальнага падыходу кіраўнікоў да планавання мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне ў вучняў патрыятычнага настрою. Пры гэтым запланаваныя мерапрыемствы не выконваюцца. У іх часта прысутнічаюць адны і тыя ж навучэнцы. Не заўсёды ў мерапрыемствы ўключаюцца супрацоўнікі органаў па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў і Узброеных сіл, а таксама ветэраны баявых дзеянняў і прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў».
Са 117 установаў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці ў 63 ( што складае 53,8%) выяўлены падобныя недапрацоўкі. Паводле работнікаў пракуратуры, у гэтым вінаваты не толькі школы: яны лічаць, што мае месца недастатковы кантроль за дзейнасцю кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні і з боку аддзелаў па адукацыі гаррайвыканкамаў. Старшыні Віцебскага гарвыканкама вынесена прадстаўленне пракуратуры па ліквідацыі парушэнняў, і па выніках яго выканання да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 5 службовых асоб, піша сайт Генпракуратуры.
Адзначаецца, што «пры агульным зніжэнні колькасці злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, больш як удвая павялічылася колькасць асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў. Амаль у тры разы ўзрасла колькасць злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркатычных сродкаў. І вінаваты ў гэтым, атрымліваецца, перадусім школьныя ваенрукі і арганізатары ідэалагічных імпрэзаў.
Ганна Лубко