Серада, 10 Чэрвень 2015

Палітык Сяргей Рыжоў абвясьціў галадоўку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Як паведаміў вядомы ў Віцебску лекар Ігар Пастноў, удзельнік прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году Сяргей Рыжоў, асуджаны на шэсьць з паловай гадоў зьняволеньня, аб’явіў галадоўку і ў пісьмовай форме адмовіўся ад ужываньня ежы ды гарбаты.

3 красавіка суд Першамайскага раёну Віцебску вынес прысуд у дачыненьні да колішняга прэтэндэнта ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Сяргея Рыжова. Палітыка абвінавацілі ва ўчыненьні незаконных дзеяньняў паводле артыкулу 167, часткі 1 і артыкулу 339, часткі 1 Крымінальнага кодэксу. Цяпер ён знаходзіцца ў віцебскім СІЗА.

Сяргей Рыжоў сваёй віны не прызнаў і з прысудам не пагадзіўся. Разгляд яго касацыйнай скаргі ў Віцебскім абласным судзе мусіць адбыцца 12 чэрвеня. Паплечнікі Рыжова лічаць яго справу цалкам сфабрыкаванай і змагаюцца супраць незаконнага, на іх думку, асуджэньня свайго сябра.

Пра падрабязнасьці галадоўкі і стан здароўя Рыжова нічога больш не вядома. Вось, што патлумачыў з гэтай нагоды нашаму карэспандэнту Ігар Пастноў: «Улада ўстроіла судзілішча над актыўным чалавекам, які зьбіраўся ісьці на выбары. Справа сфабрыкаваная. Тыя фотаздымкі, якія нам даслалі на пошту, цалкам даказваюць той факт, што абсалютна не зразумела, хто на іх адлюстраваны. Калі яму прынесьлі справу, ён адмовіўся яе падпісваць. Яго па-зьверску зьбілі. Ужо месяц ідзе разьбіральніцтва. Калі я напісаў пра гэтае парушэньне, мне спачатку адмовілі. Але калі я напісаў у другі раз як прадстаўнік Сяргея Рыжова, што гэта не ў СІЗА яго зьбілі, а супрацоўнікі канвойнай службы, то цяпер памянялі сьледчага, і ён ужо тры тыдні праводзіць праверку».

«Лісты не даходзяць ні мае, ні ягоныя, – распавёў Ігар Пастноў. – Зрабілі поўную інфармацыйную блякаду. На сёньняшні дзень галадоўка – гэта ягоны апошні шанец. Толькі што я тэлефанаваў у адвакатуру, трэці дзень адвакат ня можа зь ім сустрэцца, спасылаючыся на сваю занятасьць, хаця мы яму ўжо заплацілі больш за трыццаць мільёнаў. Зрэшты, поўнае бязьмежжа з боку усіх галінаў улады. Цяпер якраз такі выпадак, калі ўсім нам, хто на волі, трэба ратаваць жыцьцё Сяргея Рыжова, бо заўтра на ягоным месцы можа быць кожны з нас, і я ў тым ліку».

Віцебская вясна