У апытаньні ўзялі ўдзел амаль 4100 чалавек. Зь іх 1046 удзельнікаў прагаласавалі супраць усіх, а больш за 1500 чалавек наагул не зрабілі канкрэтны выбар і пстрыкнулі па пімпачцы “Паглядзець адказы”.
“Тыповая пазыцыя беларуса: паглядзець, што там думаюць іншыя, а потым напісаць, як і ўвесь статак”, – адрэагаваў адзін з камэнтатараў пад апытанкай.
У камэнтарах жартам прапаноўвалі на пост кіраўніка Віцебскай вобласьці Насьцю Рыбку, Кім Чэн Ына (“дарогі дакладна будуць чысьціць”), Бандэру, Мікалая Валуева, Шварцнэгера, Сталіна…
Топ-5 камэнтароў пад апытанкай
- “Справа не ў губэрнатары, а ў сыстэме. Пакуль яна ня зьменіцца, усё будзе так, як ёсьць”.
- “Чаго як куры раскудахталiся, каго бацька паставiць – той i будзе…”
- “Мяркую, трэба выбіраць каго-небудзь з маладых хлопцаў, якія вучыліся ў Эўропе ці ЗША…”
- “Губэрнатара мусіць выбіраць толькі народ!”
- “Кшталту ад гэтай апытанкі што-небудзь зьменіцца?..” – “Ну хоць улады даведаюцца, як да іх насамрэч народ ставіцца…”
Доктар мэдычных навук Аляксандар Косінец кіраваў Віцебшчынай ад 2008-га да 2014-га году. Зараз займае пасаду памочніка Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Як старшыня Віцебскага аблвыканкаму запомніўся тым, што правёў рэканструкцыю плошчы Перамогі, спляжыўшы на ёй усе дрэвы (праз што ў народзе атрымаў мянушку “дрывасек”). Менавіта яму належала ідэя будоўлі ў Віцебску Палацу шлюбаў.
Цяперашні старшыня аблвыканкаму Мікалай Шарстнёў – нараджэнец Аршаншчыны (як і Косінец). На пасаду старшыні аблвыканкаму быў прызначаны напрыканцы 2014-га году. Па адукацыі – вэтэрынар. Успрымаецца віцяблянамі як “губэрнатар”-штангіст. Паставіў некалькі рэкордаў у паўэрліфтынгу на “Славянскім кубку”. Але па-сапраўднаму ўзьняць эканоміку вобласьці у Шарсьнёва пакуль не атрымліваецца.
Суполка “Гэта Віцебск, дзетка” (“Тыповы Віцебск”) мае каля 150 тыс. падпісчыкаў. Пост з апытанкай пра губэрнатара ахапіў каля 24 тыс. карыстальнікаў, удзел у галасаваньні ўзялі 4100 чалавек. Вынікі апытаньня наўрад ці рэпрэзэнтатыўныя, але ж адлюстроўваюць узровень папулярнасьці цяперашняга кіраўніка вобласьці.
Зьміцер Міраш