Серада, 24 Кастрычнік 2018

“І гонар, і горыч…” Віцяблянін Вадзім Кузьмін атрымаў мэдаль Праведніка народаў сьвету

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Мэдаль Праведніка народаў сьвету Мэдаль Праведніка народаў сьвету

Падчас імпрэзы памяці, прысьвечанай 75-й гадавіне зьнішчэньня Менскага гета, двум беларусам былі ўручаныя мэдалі Праведнікаў народаў сьвету. Адзін зь іх – віцяблянін Вадзім Кузьмін. Ён атрымаў ганаровы мэдаль як унук і пляменьнік Праведнікаў сьвету – Назара, Ганны, Аксаны і Фёдара Кузьміных, якіх, на жаль, ужо няма сярод жывых…

Вечарына памяці адбылася ў Менску 22 кастрычніка. Ганаровыя граматы і мэдалі сваякам Праведнікаў сьвету ўручыла міністарка іміграцыі і інтэграцыі Ізраілю Софа Ландвэр. Апроч Кузьміна, мэдаль Праведніка атрымала праўнучка каталіцкага сьвятара Стэфана Кучынскага Ірына.

 Па вяртаньні ў Віцебск падпалкоўнік запасу Вадзім Кузьмін падзяліўся зь “Віцебскай вясной” уражаньнямі і эмоцыямі з імпрэзы, паказаў мэдаль і ганаровую грамату.

Вадзім Кузьмін і ягоная жонка паказваюць атрыманыя на Вечарыне памяці грамату і мэдаль

“Гэтым сьцьвярджаецца, што на паседжаньні камісіі аб наданьні годнасьці Праведніка народаў сьвету, створанай пры нацыянальным інстытуце памяці катастрофы і гераізму Яд-Вашэм, ад 4 сьнежня 2017 году на падставе пададзеных сьведчаньняў вырашана ганараваць Назара і Ганну Кузьміных, а таксама іх дзяцей Аксану і Фёдара, якія ў гады фашысцкай акупацыі рызыкавалі сваім жыцьцём дзеля выратаваньня перасьледаваных габрэяў, годнасьцю Праведнікаў сьвету і ўзнагародзіць мэдалём Праведніка народаў сьвету. Іх імёны будуць высечаныя на Сьцяне гонару на Прысадзе праведнікаў Яд-Вашэм”, – такі тэкст граматы (на іўрыце і рускай мове).     

У 1942 годзе сям’я Кузьміных, якая жыла тады ў вёсцы Машкіна пад Заронавам, выратавала ад лютай сьмерці габрэйскага хлопчыка Лёву Варабейчыка. Гісторыю гэтага збаўленьня мы расказвалі ў матэрыяле “Уганараваныя пасьмяротна…”

“Проста выканалі свой чалавечы абавязак”

“Калі ўручалі гэты мэдаль, усярэдзіне аж перавярнулася ўсё, родных сваіх успомніў, Лёву Варабейчыка, зь якім сябравалі ўсё жыцьцё. Сын ягоны Ігар зараз у Нямеччыне, абяцаў прыехаць на імпрэзу, але, на жаль, не атрымалася. І калі вядоўцы расказвалі, як ратавалі Лёву, як ён бег… мне цяжка перадаць тыя пачуцьці, якія ў той момант апанавалі мяне. І горыч, і пачуцьцё гонару… шмат чаго”, – дзеліцца Вадзім Кузьмін.

Назар, Ганна і Фёдар Кузьміны. Фота з архіву Вадзіма Кузьміна

“Ведаеце, мае дзед і бабуля, уся сям’я, зрабілі ў тыя жахлівыя часы тое, што і павінны былі зрабіць, – выратавалі гэтага хлопчыка, рызыкуючы жыцьцём. І не хацелі за гэта ні ўзнагарод, анічога – проста выканалі свой чалавечы абавязак”, – дадае ўнук Праведнікаў сьвету.

“Гэта вельмі важна для іх!..”

Вадзім Кузьмін прызнаецца, што быў моцна ўражаны арганізацыяй урачыстасьцяў да 75-й гадавіны ліквідацыі Менскага гета. На імпрэзе 22 кастрычніка ў дзяржфілярмоніі прысутнічалі прадстаўнікі габрэйскай грамады з розных краін сьвету, таксама – былыя вязьні лягераў сьмерці.

Падчас імпрэзы ў Менску. Фота: minsknews.by

“Падыходзілі да мяне, проста каб паціснуць руку. Прадстаўнікі амбасады таксама падыходзілі. Было бачна, што гэта вельмі важна для іх, вельмі важна! І асноўная думка ўсіх прамоваў была такая: “Габрэі, памятайце, гэта не павінна паўтарыцца!”  І я ўпэўнены, што яны больш такога не дапусьцяць – касьцямі лягуць”, – кажа Вадзім Кузьмін.  

“Упэўнены, габрэі б ня ставілі помнік гіганту Махнову”

Гаворыць, што стаўленьне габрэяў да сваёй памяці моцна кантрастуе з тым, што мы бачым у Беларусі і, у прыватнасьці, у Віцебску. Узгадвае занядбаны стан пахаваньняў на месцы лягеру “5 полк” і адсутнасьць якога-кольвечы мэмарыялу на месцы Віцебскага гета каля былога клюбу мэталістаў.

Памятны знак з абяцаньнем, што “на гэтым месцы будзе ўсталяваны мэмарыял памяці”, улады паставілі аж 25 гадоў таму, але дагэтуль абяцаньне не выканалі. Пры тым, што помнік быў ужо створаны 18 гадоў таму…

“Я заўсёды кажу: ты сам расстаўляеш прыярытэты і вырашаеш, купіць лядоўню для сям’і альбо скрыню гарэлкі. Нічога не хачу сказаць, але ў нас ставяць помнікі “залатой рыбцы”, рэчцы Лучосе, гіганту Махнову, валёнкам і чорт яго ведае каму яшчэ. Можа, гэта і прыгожа. Але ж там, на тэрыторыі былога гета, зямля набрынялая крывёю! І нічога няма! Вось такіх прыярытэтаў я не разумею. Упэўнены, што габрэі б ня ставілі помнік Махнову…” – гаворыць унук Праведнікаў сьвету Вадзім Кузьмін.

Нагадаем, у Віцебскім гета падчас акупацыі загінула каля 20 тыс. габрэяў.

Паводле Вікіпэдыі, у Віцебску годнасьць Праведнікаў народаў сьвету была нададзеная раней двум чалавекам – Тамары Барадзіной і Паліне Папяляевай.

Так выглядае мэдаль Праведніка народаў сьвету

Як паведамляецца на сайце мэмарыяльнага комплексу гісторыі Галакосту “Яд-Вашэм”, у Беларусі годнасьць Праведнікаў народаў сьвету на 1 студзеня 2018 году мелі 650 чалавек. Для параўнаньня, у Расеі – 206 праведнікаў сьвету, у Літве – 893, у Польшчы – 6683…

Зьміцер Міраш