“Мы ня імкнёмся “прысароміць” найгоршыя гарады і “пахваліць” найлепшыя – Цэнтар новых ідэй хоча, хутчэй, павялічыць зацікаўленасьць грамадзтва рэгіянальнымі праблемамі і ўзмацніць экспэртную дыскусію”, – падкрэсьлівае заснавальнік і старшыня Цэнтру Рыгор Астапеня.
Які горад - найлепшы?..
Рэйтынг грунтуецца на ідэі найлепшага гораду.
“Для нас найлепшым горадам зьяўляецца той, жыцьцё ў якім адначасова ўстойлівае і дынамічнае. У ім чалавек мае большыя шанцы на нараджэньне, на атрыманьне вышэйшай адукацыі, на знаходжаньне высокааплатнай працы, на карыстаньне сацыяльнымі паслугамі высокай якасьці”.
Зыходзячы з гэтага, аўтары рэйтынгу шыхтуюць гарады паводле дзевяці складнікаў тых самых “трох вымярэньняў”. Дэмаграфічная ўстойлівасьць ацэньваецца па паказьніках натуральнага прыросту і прадукцыйнага ўзросту, стан эканомікі – па ўзроўням велічыні заробкаў і беспрацоўю, мясцовым бюджэце і інвэстыцыям у асноўны капітал, а якасьць жыцьця – па колькасьці дактароў, студэнтаў і злачынстваў у горадзе.
Пры гэтым некаторыя паказьнікі не знайшлі свайго адлюстраваньня ў рэйтынгу, напрыклад, культурнасць гарадоў, стан інфраструктуры ці якасьць кіраваньня, бо для ях не былі знойдзеныя адпаведныя колькасныя індыкатары.
Гэтак, напрыклад, Віцебск знаходзіцца ўнізе сьпісу (11 месца) па дэмаграфічнай устойлівасьці, затое сягае аж на чацьверты радок па “якасьці жыцьця”. Ці адлюстроўваюць лічбы ў сьпісе “аб’ектыўную рэчаіснасьць” – вялікае пытаньне. Але ёсьць добрая нагода для дыскусій.
“Натхненьнем для падрыхтоўкі гэтага рэйтынгу паслужылі глябальныя прыклады, прыклады суседніх краін і Рэйтынг гарадоў Беларусі, складзены дзесяцігодзьдзе таму. Усе яны дасьледуюць, па вялікім рахунку, тыя ж рэчы, што і Рэйтынг беларускіх гарадоў, хоць заходнія прыклады ўсё ж у стане ахапіць больш сфэраў і валодаюць большым масівам статыстычных зьвестак”, – тлумачаць аўтары рэйтынгу.
Пішуць пра тое, што, магчыма, у наступных выпусках зробяць аналіз большай колькасьці гарадоў, уключыўшы туды і малыя беларускія райцэнтры.
Цалкам рэйтынг беларускіх гарадоў можна паглядзець на сайце Цэнтру новых ідэй.
Зьміцер Міраш