Цягам ранейшых трох сэзонаў адбылося 26 сустрэч, на якіх выступілі 39 экспэртаў і якія наведала 976 слухачоў.
Адкрываючы новы навучальны цыкль, кіраўніца Стартап-школы Настасься Рулёва анансавала восем сустрэч цягам наступных двух месяцаў, прычым у розных фарматах – заплянаваныя мітапы (сустрэчы з экспэртамі), бізнэс-гульні і іншыя віды навучаньня.
Настасься Рулёва
Сама Віцебская Стартап-школа задумвалася ня столькі як пляцоўка для навучаньня асновам бізнэсу маладых прадпрымальнікаў, колькі як месца для зносін пасьпяховых прадпрымальнікаў з тымі, хто толькі зьбіраецца рабіць свае першыя крокі ў бізнэсе. Таму навучаньне, калі яно і мае месца быць, носіць тут вельмі адкрыты і нефармальны характар. Хутчэй, гэта адкрыты клюб для камунікацыяў.
Першая сустрэча насіла яркую шыльду «Fuckup Night. Гісторыі бізнэс-правалаў» і была прысьвечаная няўдачам у бізнэсе. Трое віцебскіх прадпрымальнікаў не пабаяліся распавесьці пра свае правальныя бізнэс-праекты. Такая форма падачы інфармацыі была абраная не выпадкова. Рэч у тым, што гісторыі пра пасьпяховыя бізнэс-праекты гучаць паўсюль, і яны шмат каму ўжо настолькі надакучылі, што не ўспрымаюцца. А вось рэальныя гісторыі правалаў, тым больш зь цікавымі падрабязнасьцямі, пачуць можна ня часта. Мабыць, менавіта таму заля бібліятэкі і была нагэтулькі перапоўненая, што даводзілася ўвесь час падстаўляць дадатковыя крэслы?
На сустрэчу былі запрошаныя тры сьпікеры: праграміст Андрэй Алёшын, інтэрнэт-маркетоляг Антон Антаневіч і распрацоўшчык праграмнага забесьпячэньня Павал Скакун.
Антон Антаневіч
Антон Антаневіч падзяліўся адразу некалькімі няўдалымі стартапамі: усталёўка плястыкавых вокнаў, адкрыцьцё крамы жаночай ніжняй бялізны, інтэрнэт-сайт па продажы ровараў на літых дысках, маратон прадукцыйнасьці па бізнэсе, франшыза па ўстаноўцы роўтэраў Wi-Fi ў віцебскіх кафэ і рэстаранах. Кожны з гэтых стартапаў даволі ўнікальны, а таму і прычына правалу ў кожнага зь іх была свая. Так, рынак плястыкавых вокнаў у Віцебску, паводле словаў Антона, выявіўся «моцна перагрэтым», а таму давялося вельмі хутка, усяго праз два тыдні, сысьці зь яго. За гэты час патэлефанаваў ўсяго адзін кліент. І стала зразумела, што лавіць тут няма чаго. Зь бялізнай «Мілавіца» ўсё сталася яшчэ больш банальна. Антон са сваім сябрам выйграў аўкцыён на права заключэньня дамовы арэнды памяшканьня на вуліцы Калініна. Арэндныя стаўкі былі выгадныя – у некалькі разоў таньнейшыя, чымся ў іншых месцах. Дамову заключылі, і было прынятае рашэньне адкрываць краму. Але пасьля стала зразумела, што грошай на рамонт памяшканьня ня хопіць, і давялося адмовіцца як ад самога памяшканьня, так і ад ідэі адкрыцьця крамы.
Павал Скакун
Распрацоўшчык сыстэмы кантролю продажаў StickCRM Павал Скакун распавёў гісторыю пра тое, як яго заказчык, якому яго фірма рабіла сайт, папросту яго «кінуў» і не заплаціў грошы за выкананую працу. Гэтая падзея прымусіла яго перагледзець сваё стаўленьне да бізнэсу, закрыць ранейшы накірунак дзейнасьці (распрацоўка сайтаў) і пераарыентавацца на новы, больш пасьпяховы, на яго погляд, накірунак – распрацоўку CRM-сыстэмаў (праграмнае забесьпячэньне для працы з кліентамі).
Агучаныя бізнэс-няўдачы, па ідэі, павінны дапамагчы бізнэсоўцам-пачаткоўцам пазьбегнуць многіх распаўсюджаных памылак. Але наколькі эфэктыўна такія сустрэчы спрыяюць разьвіцьцю мясцовага бізнэсу, ацаніць цяжка.
Трэба сказаць, што Віцебская вобласьць па многіх паказчыках (сярэдні заробак, ВУП, беспрацоўе, колькасьць стратных прадпрыемстваў) знаходзіцца на дне беларускай эканомікі, і сытуацыя не паляпшаецца. Таму ёсьць адчуваньне, што гісторыяў бізнэс-правалаў у рэгіёне будзе станавіцца ўсё больш і больш.
Уладзімер Бяляўскі