Чацвер, 18 Студзень 2018

Замест адпачынку – выбітыя зубы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жыхарка Бабруйску Натальля А. разам з 10-гадовай дачкой прыехала ў санаторый «Расінка» у Мёрскім раёне. Жанчына нават у страшным сьне не магла ўявіць, што доўгачаканы адпачынак абернецца сур'ёзнымі праблемамі са здароўем. Натальля шукала будынак адміністрацыі, каб засяліцца. Увайшла ў адчыненыя дзьверы – і ўпала ў склеп. Цяпер 37-гадовая жанчына ляжыць у шпіталі са страсеньнем мозгу і выбітымі зубамі. Яе дачка праходзіць аздараўленьне адна, і таксама захварэла, пакуль мамы няма побач.

У «Расінку» Натальля А. зь дзіцем прыехала 10 студзеня на сьвітанку, каля 06:30, – было яшчэ цёмна. Ззаду – дарога да Менску, потым да Мёраў, затым – да вёскі, дзе знаходзіцца санаторый.

– У двары цёмна, хоць вока выкалі, асьвятленьня наогул нідзе няма. На тэрыторыі не асьвятляліся нават домікі, у якіх жывуць адпачывальнікі. Я знайшла корпус, дзе мы мусілі жыць. Пакінула там дзіця і рэчы ды пайшла шукаць адміністрацыю – каб аформіцца на засяленьне. У цемры ўбачыла чалавека зь ліхтарыкам. Як пазьней высьветлілася, гэта была начмэд. Мабыць, ёй таксама бракавала асьвятленьня, калі ішла зь ліхтарыкам. Яна паказала, дзе знаходзіцца мэдчастка. Там мне сказалі, што а 8:30 можна будзе зарэгістравацца. Схадзіла да дачкі – яна сьпіць. Думаю: добра, пайду на рэгістрацыю, – разважае жанчына.

Недзе а 7:45 Натальля падышла да будынка, на якім вісіць белая шыльда з надпісам зялёнымі літарамі «Адміністрацыя».

– Бачу невялікі ганак і двое дзьвярэй, абсалютна аднолькавых. Адны зачыненыя, другія насьцеж адчыненыя. Заходжу ў адчыненыя дзьверы. Там цёмна, але я думаю, што зараз спрацуе датчык руху і зьявіцца сьвятло – як і ў тым памяшканьні, дзе я пакінула дзіця. Раблю крок – і падаю ў цёмны склеп. Падаю са значнай вышыні – прыкладна 2-2,5 мэтры. Выходзіць, нехта не зачыніў дапаможнае памяшканьне.

Уваходам у адміністрацыю былі суседнія – зачыненыя – дзьверы.

Пры падзеньні маладая жанчына выбіла зубы: адзін выпаў адразу, яшчэ два хісталіся – іх пазьней стаматоляг умацаваў шынамі. Акрамя таго, атрымала страсеньне мозгу, сінякі і раны на твары, руках і жываце.

– Зваліўшыся, я ня страціла прытомнасьць. Быў стан афэкту, я тут жа паднялася на ногі і выскачыла па лесьвіцы з гэтага склепу. Памятаю, яшчэ налічыла, што пераадолела прыступак дзесяць. Кроў цячэ, я шукаю ў торбе вільготныя сурвэткі, каб крыху сабе дапамагчы. Разумею, што кроў цячэ не спыняючыся, і іду ў мэдчастку. Там мяне агледзеў стаматоляг, сказаў, што трэба накладваць шыны. І мяне адправілі ў Мёры, – успамінае жанчына.

Лекар у раённым шпіталі наклаў швы на рану ў роце і шыны. Жанчына вярнулася да дачкі ў санаторый. Выклікала міліцыю. У пацярпелай і кіраўніцтва ўстановы ўзялі тлумачэньні.

– Адміністрацыя патлумачыла міліцыі, што сьвятло ў склепе загараецца: там, паводле іх словаў, спрацоўвае датчык руху. У такім выпадку выходзіць, што я ненармальная: узяла і сама ступіла ў асьветлены праём склепа, так, ці што?

11 студзеня Натальля схадзіла да судмэдэкспэртаў – каб зафіксаваць цялесныя пашкоджаньні. У гэты самы дзень яе шпіталізавалі: жанчыне стала кепска праз страсеньне мозгу.

Дачку, якая засталася без мамы, уладкавалі ў атрад, дзе знаходзяцца дзеці без нагляду бацькоў. «Але дачка цяпер ляжыць у ізалятары. Мы і прыехалі ў гэты санаторый, бо ў дачкі часта бываюць ВРВІ і бранхіт», – кажа Натальля.

Жанчына ўжо ведае, што будзе рабіць далей.

– У колькі абыдуцца мне паслугі якаснай стаматалёгіі, мяркую, усе ўяўляюць. Акрамя таго, турбуюць і іншыя цялесныя пашкоджаньні. Таму, выйшаўшы зь лякарні, зьбяру ўсе даведкі, дакумэнты і буду вырашаць гэтае пытаньне ў судовым парадку. Бо санаторый – месца, куды едуць людзі з розных месцаў, з розным станам здароўя. І пакідаць адчыненымі дзьверы ў цёмнае склепавае памяшканьне – па меншай меры халатнасьць. Яшчэ цуд, што са мной не было дзіцяці. Дарэчы, адміністрацыя ў мяне нават не папрасіла прабачэньня.

Праверку па гэтых фактах праводзіць Мёрскі РАУС.

Дырэктар санаторыя «Расінка» Юры Баранаў адмовіўся ад размовы:

– У нас была і міліцыя, і Сьледчы камітэт. Да вынікаў праверкі я камэнтаваць нічога ня буду.

Тацяна Матвеева, tut.by