Панядзелак, 25 Снежань 2017

Мікола Статкевіч разам з таварышамі па БНК наведаў Віцебск

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

23 сьнежня ў Віцебску ў «Эўрапейскім клюбе» адбылася сустрэча зь вядомымі беларускімі палітыкамі, сябрамі рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу – Міколам Статкевічам, Вячаславам Сіўчыкам і Яўгенам Афнагелем.

Паводле задумы арганізатараў, мусіў таксама прысутнічаць сябра рады БНК, кіраўнік руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі» і проста паэт Уладзімер Някляеў. Але ў апошні момант высьветлілася, што ён ня зможа прыехаць.

Сустрэчу можна было падзяліць, умоўна кажучы, на два блёкі.

У першым блёку госьці па чарзе распавядалі пра дзейнасьць нацыянальнага кангрэсу, прэзэнтавалі свае палітычныя сілы і абменьваліся ідэямі.

Так, Вячаслаў Сіўчык падзяліўся ўспамінамі пра свой першы выступ на масавай пратэставай акцыі, якая, як ня дзіўна, адбывалася менавіта ў Віцебску яшчэ на заранку станаўленьня незалежнасьці Беларусі. Дык што Віцебск, паводле яго словаў, для яго не чужы горад. Таксама ён расказаў пра дзейнасьць Руху салідарнасьці «Разам», якім кіруе і які прадстаўляе ў БНК. Мікола Статкевіч, у сваю чаргу, распавёў пра раду БНК і пра тое, чым займаецца партыя «Народная Грамада». А Яўген Афнагель падзяліўся сваімі думкамі наконт масавых акцыяў пратэсту і той важнасьці, якую яны нясуць краіне і грамадзтву.

Другі блёк сустрэчы быў прысьвечаны адказам на пытаньні. І гэтая частка імпрэзы была найбольш цікавай і працяглай. Большасьць людзей не хавалі, што яны прыйшлі менавіта дзеля таго, каб задаць сваё пытаньне. Было бачна, што людзям сапраўды неабыякавыя думкі папулярных апазыцыйных палітыкаў наконт розных аспэктаў жыцьця.

Пытаньні сыпаліся як з рога дастатку. Людзей хвалявалі разнастайныя праблемы: яны хацелі пачуць і пра стаўленьне да прыватнай уласнасьці на зямлю (пытаньне, якое, па-сутнасьці, нявырашанае ў краіне), і даведацца меркаваньні пра двухмоўе ў краіне ды пра магчымыя страйкі на прадпрыемствах, і нават пачуць вэрсію, хто ж забіў Паўла Шарамета – расейская ўлада ці беларускі рэжым.

Дыяпазон інтарэсаў выявіўся досыць шырокім.

Вядома, гучалі не толькі пытаньні, але і пажаданьні, а таксама крытыка. Напрыклад, нейкі хлопец абураўся, што сустрэча дрэнна анансавалася ў інтэрнэце, і што калі б арганізатары мелі большую актыўнасьць у сацыяльных сетках, то прыйшло б ня 30-40 чалавек, а некалькі тысяч. Наконт апошняга арганізатары сустрэчы парыравалі: для такой колькасьці людзей трэба арандаваць вялікую залю, а цяперашнія ўлады ніколі не пойдуць на тое, каб даць памяшканьне, бо баяцца рэальнай апазыцыі.

Як бы там ні было, але і такая колькасьць людзей для сустрэч з апазыцыйнымі палітыкамі для Віцебску ёсьць істотнай.

Пытаньне, якое прайшло скрозь усю сустрэчу, тычылася акцыі 25 сакавіка 2018 гаду ў цэнтры Менску. Ужо цяпер шматлікія актывісты заняліся распрацоўкай стратэгіі па яе правядзеньні. Асаблівае значэньне надае гэтай акцыі той факт, што налета будзе сьвяткавацца юбілей – 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Да таго ж, паводле Статкевіча, менавіта пад вясну ў людзей павінна высьпець новая хваля незадаволенасьці рэжымам. Дык што калі ўсё будзе згодна з плянам, то акцыя будзе ня толькі шматлікай, але і эфэктыўнай.

Напрыканцы сустрэчы людзі мелі магчымасьць пафатаграфавацца з улюбёнымі палітыкамі ды пагутарыць у нязмушанай абстаноўцы. Сыходзячы, людзі казалі: «Прыяжджайце яшчэ! Такія сустрэчы патрэбныя для рэгіёнаў, бо тут поўная багна з пункту гледжаньня палітычнай актыўнасьці».

Спадзяваймася, што Міколу Статкевічу і яго калегам атрымалася крыху разварушыць мясцовую «багну».

Уладзімер Бяляўскі

2 камэнтары

  • Спасылка на Камэнтар Говори правду Чацвер, 28 Снежань 2017 Дадаў Говори правду

    "пафатаграфавацца з улюбёнымі палітыкамі ды пагутарыць у нязмушанай абстаноўцы...."
    Ну, теперь понятна цель приезда!!!!!!!!!!!

    Паскардзіцца
  • Спасылка на Камэнтар Сказал Правду Чацвер, 28 Снежань 2017 Дадаў Сказал Правду

    Нет хорошо, что приехал Статкевич, если бы была информация о визите, то пришёл бы весь город. Я сам привёл бы много знакомых.

    Паскардзіцца