Паводле інфармацыі Мінстату, у краіне сёлета пражывае 4 млн. 426 тыс. мужчын. Гэта 46,6% ад агульнай колькасьці жыхароў. Калі верыць лічбам, то на 1 тыс. мужчын у Беларусі прыпадае 1 тыс. 147 жанчын.
Пятае месца па колькасьці “мальцаў”
Што тычыцца Віцебскай вобласьці, то мужчыны рэгіёну складаюць 12,4% ад агульнай колькасьці мужчынскага насельніцтва Сінявокай. Як сьцьвярджае галоўнае статыстычнае ўпраўленьне вобласьці, на Віцебшчыне на 1 студзеня 2017 году пражывала 549 тыс. 300 мужчын рознага веку. Зь іх толькі каля 132 тыс. жыве ў вёсках.
Па колькасьці “мальцаў” займаем пятае месца ў краіне, апераджаючы толькі Магілёўшчыну і Гарадзеншчыну.
Рэгрэс: мінус 3 тыс. мужчын за год
Цікава, што агульная колькасьць мужчын у рэгіёне несупынна падае (мінус 2-3 тыс. за год). Напрыклад, у 1970 годзе ў Віцебскай вобласьці налічвалася каля 620 тыс. мужчын.
Адзначым, што на 1 тыс. мужчын на Віцебшчыне прыпадала 1 тыс. 162 жанчыны. Як бачым, гэты паказьнік вышэйшы за агульнабеларускі (не на карысьць “моцнага полу”). Што праўда, з 2007-га году гэтая гендэрная прапорцыя амаль не зьмяняецца.
Жанчыны жывуць на 10 год болей
Мінстат паведамляе, што чаканая працягласьць жыцьця ў мужчын складае на сёньня 68,9 гадоў. Розьніца ў працягласьці жыцьця паміж мужчынамі і жанчынамі – 10,1 год (зноў жа не на карысьць мужчын).
Агульная колькасьць насельніцтва Віцебскай вобласьці на 1 кастрычніка 2017 году складае 1 млн. 182 тыс. чалавек. У параўнаньні з пачаткам году нас стала меней на 6 тыс. чалавек. А калі параўноўваць з 2011-м – колькасьць жыхароў паменела амаль на 40-тысячны горад…
44% мужчын паляць, толькі 7,7% вядуць здаровы лад жыцьця
Паводле Мінстату, пераважна “мужчынскімі” зьяўляюцца такія віды эканамічнай дзейнасьці, як будоўля (80,2% задзейнічаных - мужчыны), транспартная дзейнасьць (62,8%), сельская, лясная і рыбная гаспадарка (60,7%) і прамысловасьць (57,4%).
З агульнай колькасьці мужчын у краіне 64,6% зьяўляюцца (паводле ўзросту) працаздольнымі – 64,6% (гэта на 4% менш, чым у 2011 годзе).
Паводле статыстыкі, кожны трэці беларускі мужчына ва ўзросьце ад 16 гадоў лічыць сваё здароўе добрым, а кожны чацьвёрты займаецца спортам. Пры гэтым 44% з агульнай колькасьці (ад 16 гадоў і старэйшыя) прызнаюцца, што паляць, а кожны пяты мае залішнюю вагу. Толькі 7,7% мужчын вядуць здаровы лад жыцьця, сьцьвярджае Мінстат.
Зьміцер Міраш