«Стараста вёскі ўжо па ўзросьце была вымушаная пакінуць сваю пасаду. Прызначылі перавыбары на 24 кастрычніка. Перад тым старшыня сельсавету Раіса Ярошкіна паведаміла мне, каб я пра гэтую пасаду нават ня марыла, бо ў яе ёсьць “свой чалавек”. Нейкім чынам даведаўшыся, што 21 кастрычніка мяне ў вёсцы ня будзе, напярэдадні тэрмінова вяскоўцы, за выключэньнем некаторых актывістаў, былі апавешчаныя па тэлефоне аб пераносе сходу менавіта на 21-га. Сход адбыўся, старасту абралі. Вельмі добры чалавек, але зусім безыніцыятыўны, які ніколі нікуды не хадзіў і ня пойдзе, абы ціха... На пытаньні незапрошаных, чаму запрасілі ня ўсіх, ёсьць і іншыя кандыдатуры, адмахнуліся: маўляў, вы занадта шумныя, ад вас толькі непакой», – распавяла падрабязнасьці «спэцапэрацыі» актывістка.
«Калі ж гэта скончыцца? Калі ж ужо перастануць прапіхваць прызначэнцаў? Што за стаўленьне да людзей? Хочаце спакою? Дык рабіце тое, што павінны рабіць па абавязках, клапаціцеся пра людзей! А пакуль ня будзе вам спакою! Гэта я вам абяцаю», – падкрэсьліла Алена Янушкоўская.