Само сабой зразумела, кожны стартап пачынаецца зь нейкай ідэі. І тут, паводле словаў лектара, арыгінальнасьць важная пастолькі-паколькі, бо ўсё ўжо вынайдзена да нас. Прасьцей кажучы, ідэя можа быць старая як сьвет, але яе можна падаць па-іншаму, пазыцыянаваць па-іншаму, ацэньваць па-іншаму. Больш таго, капіяваньне ідэі не зьніжае каштоўнасьці. Важна памятаць і тое, што ідэя ў ідэале павінна быць такой, якая асабіста кранула вас.
Дык дзе ж знаходзіць ідэі, што для гэтага трэба рабіць? Ну тут нічога новага ня вынайдзена: камунікаваць, падарожнічаць, назіраць і задаваць пытаньні, чытаць, запісваць.
Як бачым, з самой ідэяй быццам бы ўсё проста. А вось наступны пошук рашэньняў, якія спрыяюць рэалізацыі вашай задумкі - тут ужо складаней, бо ўлічваць давядзецца дужа шмат чаго.
Па-першае, у ідэале прадукт, які вы будзеце прадаваць, мусіць мець каштоўнасьць для кліента. Па-другое, вы павінны супаставіць усё ад «а» да «я», а менавіта чаму менавіта цяпер час для рэалізацыі ідэі. Акрамя таго, трэба ўлічыць усе рызыкі, памер рынку, а таксама канкрэтна разьлічыць кошт, які зможа прыцягнуць кліентаў. Ідэальны варыянт, як сказаў Валошын, гэта кошт ніжэйшы за сярэдні або аналагічны да рынку.
Ідзём далей. Дасьведчаны прадпрымальнік раіць добра падумаць над тым, хто і што ў камандзе вам сапраўды неабходныя, а без каго і чаго можна абысьціся. Напрыклад, зь лёгкасьцю можна адмовіцца, прынамсі на першапачатковым этапе, ад сакратарак, маркетолягаў і аналітыкаў, шыкоўнага офісу і фірмовага абсталяваньня, ад крутога сайту.
- Не сьпяшаецеся наймаць супрацоўнікаў. Але калі ўсё ж такі трэба, або інвэстар настойвае, або больш няма кім замяніць, ці мала якая сытуацыя - наймайце таго, хто мацнейшы і разумнейшы, а таксама шукайце «заўзятых» аднадумцаў, - рэкамэндуе Кірыл Валошын.
Супрацоўнікі супрацоўнікамі, але без сапраўднай каманды далёка паехаць не атрымаецца. Вядома, вы можаце быць упэўненыя, што дасьце рады ўсяму самі, аднак бізнэсовец адзначае, што найлепшы варыянт - гэта два чалавекі ў камандзе.
- Паводле статыстыкі, лепшая выжывальнасьць стартапу ўсё-такі з двума людзьмі, дый інвэстыцыйная прывабнасьць такіх стартапаў вышэйшая. Аднак майце на ўвазе, што сяброўства блага сумяшчаецца зь бізнэсам, супрацоўнікі па найме - сябры таксама пад вельмі вялікім пытаньнем.
Што тычыцца аднаго з галоўных момантаў - дзе шукаць грошы, то тут шляхоў вырашэньня ня так ужо і мала. Самы распаўсюджаны - гэта сябры, сям’я, і вы самі; таксама інвэстары і інвэстыцыйныя фундацыі; гранты, дзяржфонды падтрымкі прадпрымальнікаў; аксэлератары; разнастайныя конкурсы; а камусьці не абысьціся без крэдытаваньня або пазыкаў.
Распавядаючы усё гэта, Кірыл Валошын грунтаваўся ня толькі на сусьветных прыкладах, а таксама і на сваім досьведзе, які, як ён прызнаўся, не заўсёды быў дадатны. Так, нейкія праекты выдыхаліся з часам, нейкія паміралі, так і не ўзьляцеўшы, а за гэты год у яго ўжо другое банкруцтва. І гэта прымусіла прадпрымальніка прыняць рашэньне звужаць партфэль і максымальна факусавацца на тым, дзе ён можа рэальна нешта зрабіць.
Такім чынам, адна з галоўных яго парадаў тым, хто зацікаўлены ў разьвіцьці, запуску свайго стартапу або пашырэньні - не распыляцца, а выбраць некалькі, 2-3 стартапы, якія будзеце паўнавартасна кантраляваць. Таксама Валошын не рэкамэндуе выбіраць адразу шмат накірункаў, бо гэта прынясе больш стратаў. Трэцяя, але ня менш важная парада - трэба пераправяраць, прычым абсалютна ўсё і пажадана хутка. Вось гэтыя тры чыньнікі, уласна, і зьяўляюцца ключавымі, каб стварыць гісторыю посьпеху.
Лекцыя Кірыла Валошына - толькі пачатак курсу. У далейшым цягам дзевяці з паловай тыдняў удзельнікі школы, разьбітыя на каманды, будуць, што называецца, на практыцы ствараць свае стартапы, вядома, пад пільным вокам экспэртаў, якія маюць досьвед запуску і кіраваньня бізнэсам.
Арганізаваная школа Віцебскім бізнэс-цэнтрам, Таварыствам спамогі інавацыйнаму бізнэсу, а таксама падтрымліваецца Агенцыяй ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID).