Як прызнаўся Сяргей, праблемы, аб якіх ідзе гаворка ў калектыўных зваротах, упершыню былі агучаныя людзьмі якраз падчас кампаніі па зборы подпісаў для вылучэньня ў якасьці кандыдата. У пададзеных зваротах людзі просяць «прадстаўнікоў народу» зрабіць рамонт пад’язной дарогі, якая вядзе ад Маскоўскага праспэкту да дому № 61 корпус 4 па вуліцы Праўды ў Віцебску, разабрацца з жаласнай сытуацыяй, у якой апынуўся дом № 103 корп.1 па вуліцы Лазо і найбліжэйшым ад яго прыпынкам грамадзкага транспарту. Акрамя таго, просяць прывесьці ў парадак дарогу, якая вядзе ад праспэкту Люднікава да дому № 22 корп. 3 па праспэкце Фрунзэ.
Гэтага ж дому тычыцца і яшчэ адна праблема. Каб прайсьці ад дому да прыпынку «Мэдунівэрсытэт» на праспэкце Фрунзэ, трэба падняцца па досыць доўгай лесьвіцы. Але падняцца па ёй вельмі праблематычна. А зімой - і зусім рызыкоўна для жыцьця. Спускацца – тым больш. Лесьвіцу гэтую не рамантавалі, мабыць, з часоў Савецкага Саюзу. А ліхтароў тут не было аніколі. Затое пасьля шматлікіх лістоў і скаргаў жыхароў, якія рэгулярна накіроўваліся ў розныя інстанцыі, збудавалі новую лесьвіцу - шырокую, зь ліхтаром, выкладзеную «моднай» пліткай. Але… Але парадокс у тым, што вядзе гэтая прыгажуня, па сутнасьці, у нікуды, таму ёю мала хто карыстаецца. Людзі па-ранейшаму пераадольваюць старую лесьвіцу. Ні парэнчаў, ні пандусаў. Паводле расказаў жыхароў, ці ня кожныя паўгода пажылыя людзі ламаюць на ёй рукі і рэбры.
Пэнсіянэр, які акуратна спускаўся па старой лесьвіцы зь дзьвюма авоськамі ў руках, растлумачыў аўтару гэтых радкоў, што раён гэты ў народзе называюць «ямай» і што праблема з лесьвіцай насамрэч надзённая: «Тут людзі вельмі шмат падаюць. І ліхтар далёка. Цёмна. Асвятленьне толькі на той, новай, лесьвіцы. Колькі пісалі, казалі – толькі той бок адрамантавалі. Але там зусім рэдка ходзяць. Усе – па гэтай. Я сам падаў тут, сьцягно ударыў, месяц хадзіць потым ня мог…» Дзядуля быў упэўнены, што і перад будучымі выбарамі ўсё застанецца ў «яме» па-ранейшаму. «Якія дэпутаты? Няма за каго галасаваць, няма!» – падзяліўся сваім адчаем пэнсіянэр і з надзеяй паглядзеў на прадстаўніка кампаніі «Гавары праўду».
У сваю чаргу, Сяргей Парсюкевіч прызнаўся «Дыялёгу»: «Увогуле, мне здаецца, што я выконваю абавязкі дэпутата мясцовага савету. І працы ў нас шмат таму, што дэпутаты абсалютна не варушацца. А зьвяртацца да іх бескарысна. Але мы зьвяртаемся. І, як гэта ні парадаксальна, у асноўнай сваёй масе яны нам не дапамагаюць, а толькі процідзейнічаюць». Ён запэўнівае, што калектыўныя звароты даюць-такі станоўчы эфэкт. Чыноўнікам даводзіцца выходзіць на заяўленае месца і сустракацца з падпісантамі. Улада вымушаная рэагаваць.