Субота, 09 Люты 2013

Уладзімер Арлоў прэзэнтаваў у Віцебску свае новыя кнігі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Уладзімер Арлоў Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў прэзэнтаваў у Віцебску свае кнігі «Сьвецяцца вокны, ды нікога за імі», «Пакуль ляціць страла», «Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя», «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя», а таксама аўдыёвэрсію кнігі «Імёны Свабоды». На сустрэчу зь пісьменьнікам, што ладзілася ў Віцебскай абласной бібліятэцы 7 лютага, прыйшло больш за 100 чалавек – мясцовых літаратараў, студэнтаў, настаўнікаў, грамадзкіх і палітычных актывістаў. Імпрэза адбывалася ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!».

На пачатку творчай сустрэчы аўтар кнігі «Пакуль ляціць страла» прапанаваў прысутным паўдзельнічаць у своеасаблівай віктарыне паводле гэтай кнігі. Пераможцы атрымалі прызы. Не на ўсе пытаньні, зададзеныя пісьменьнікам, віцебскія аматары літаратуры змаглі даць адказы. Гэта таму, што ў Віцебску яшчэ мала хто прачытаў «Стралу», бо кніга толькі цяпер «даехала» да гораду над Дзьвіной, – зрабіў выснову пісьменьнік.

Уладзімер Арлоў прысьвяціў сваю сустрэчу з чытачамі 150-годзьдзю паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Ён перадаў у залю стос чыстых аркушаў: «Гэтыя аркушы – прыкладна такога самага памеру, якога былі кавалкі паперы, на якіх Каліноўскі пісаў Лісты з-пад шыбеніцы. Вы можаце напісаць на іх свае пытаньні мне, той самай мовай, якой пісаў Кастусь Каліноўскі».

Пытаньні да пісьменьніка былі самыя разнастайныя – наконт яго асабістага жыцьця, творчых плянаў, гісторыі, культуры. Адказы Ўладзімера Арлова ўражвалі слухачоў сваёй трапнасьцю і дасьціпнасьцю. Напрыканцы імпрэзы яе наведвальнікі пачулі некалькі вершаў са зборніка «Сьвецяцца вокны» ў аўтарскім чытаньні, а завяршылася сустрэча зь пісьменьнікам аўтограф-сэсіяй.

Крыніца: Дыялёг Online газэта