Аўторак, 12 Люты 2013

Наглядную скаргу на прысуд Кавалёву дагэтуль не разгледзелі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Уладзіслаў Кавалёў і адвакат Станіслаў Абразей Уладзіслаў Кавалёў і адвакат Станіслаў Абразей

Адвакат Станіслаў Абразей, які бараніў Уладзіслава Кавалёва, абвінавачанага ў тэрарызьме і расстралянага, зьвярнуўся да старшыні Вярхоўнага Суду з патрабаваньнем неадкладна разгледзець наглядную скаргу. Гэта належала зрабіць не пазьней як у кастрычніку мінулага году. Але спадар Абразей не атрымаў ніякага адказу дагэтуль, хоць скарга была накіраваная яшчэ паўгода таму.

Пра зварот Станіслава Абразея да старшыні Вярхоўнага Суду апавяла маці Ўладзіслава Кавалёва. Любоў Кавалёва лічыць пратэрміноўку з адказам на наглядную скаргу ўжо далёка ня першым парушэньнем заканадаўства адказнымі службовымі асобамі:

​ ​«Наглядную скаргу накіроўваў адвакат Станіслаў Абразей, было гэта 27 верасьня 2012 году. Яму ж павінны былі і даслаць адказ, не пазьней як празь месяц, бо матэрыялы судовай справы для дадатковага вывучэньня запатрабаваныя не былі. Адказу адвакату няма дагэтуль. Я ня веру ў вінаватасьць сына, лічу судовае рашэньне неправасудным, сьмяротнае пакараньне — беспадстаўным, але са свайго боку не магу нічым паспрыяць у гэтай справе: у СІЗА КДБ тройчы зьнікалі даверанасьці, якія павінна было падпісаць кіраўніцтва гэтай установы, каб я таксама магла прадстаўляць інтарэсы Ўлада. Я мяркую, што даверанасьці зьнікалі не выпадкова, а каб абмежаваць мае намаганьні ў барацьбе за жыцьцё сына, а потым — за ягонае чэснае імя. Дарэчы, і даверанасьці — не адзінае, што патаемным чынам зьнікла ў СІЗА КДБ. Зьніклі і запісы Ўладзіслава, якія ён вёў падчас судовага працэсу. Мне так і не ўдалося высьветліць, дзе зараз тыя паперы, хто іх зьнішчыў або прысвоіў зь невядомымі мэтамі…»

Радыё Свабода