Нядзеля, 31 Сакавік 2013

Віцебскія актывісты просяць азнаёміць іх з плянам мерапрыемстваў у гарадзкім паркy

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пасьля адмовы Першамайскай раённай адміністрацыі на правядзеньне мітынгу ў Дзень Волі ў сувязі з «занятасьцю» Парка імя 30-годзьдзя ВЛКСМ пад спартовыя мерапрыемствы, дэмакратычныя актывісты Хрыстафор Жаляпаў і Аляксей Гаўруцікаў просяць пазнаёміць іх з усім гадавым плянам выкарыстаньня гэтага парку. З такой просьбай яны зьвярнуліся ў Віцебскі гарвыканкам. А ў адміністрацыю Першамайскага раёну падалі яшчэ 2 заяўкі на масавыя мерапрыемствы. 12 красавіка яны мяркуюць правесьці мітынг супраць зьбядненьня беларускага народу і ў падтрымку палітвязьняў, а 26 красавіка – мітынг з нагоды 27-х угодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Аднапартыец Мікалая Статкевіча, віцебскі сацыял-дэмакрат Аляксей Гаўруцікаў асабіста схадзіў у Парк імя 30-годзьдзя ВЛКСМ, дзе раённымі ўладамі была забароненая акцыя 25 сакавіка: «Нам сказалі, што якраз 25 сакавіка ў гэтым парку заплянаваныя спартовыя спаборніцтвы. Але ніводнага спартоўца ў Дзень Волі я там не сустрэў. Калі пацікавіўся, што здарылася, то ў адміністрацыі спартовага комплексу “Камсамолец” сказалі: “Спаборніцтвы адмянілі”. Як высьветлілася, ужо пасьля таго, як нам адмовілі з прычыны “заятасьці” парку, але яшчэ за тры дні да замоўленага намі мерапрыемства, а менавіта 22 сакавіка, аддзел культуры, спорту і турызму адмяніў спаборніцтвы” ў сувязі са складанымі ўмовамі надвор’я і вырубкай дрэваў у парку”. Але да нас так ніхто і не зьвярнуўся, хаця галоўная падстава для адмовы “адмянілася”».

Аляксей Гаўруцікаў і другі заяўнік масавай акцыі на Дзень Волі, кіраўнік абласной структуры руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў маюць падставы меркаваць, што раённыя чыноўнікі былі зь імі не зусім шчырыя, калі прымалі рашэньне пра адмову: «Таму, каб болей не паўтараліся гэткія сытуацыі, і ў нас не было падставаў падазраваць работнікаў раённай адміністрацыі ў розных хітрыках, мы просім Віцебскі гарвыканкам пазнаёміць нас з зацьверджаным плянам мерапрыемстваў у Парку імя 30-годзьдзя ВЛКСМ. Лічым, што наша просьба мусіць быць задаволеная, бо гэтае месца – афіцыйна вызначаная тэрыторыя для правядзеньня масавых мерапрыемстваў», – гаворыць Хрыстафор Жаляпаў.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"