«16 і 17 траўня 2013 году ў Віцебску ў межах карпаратыўнага фэстывалю ААТ “Газпром” “Факел” на плошчы Перамогі з 20:30 да 2:00 ночы ладзіліся канцэрт рок-гуртоў і дыскатэка з выкарыстаньнем наймагутнейшых гукаўзмацняльных прыладаў. У выніку чаго ўсе жыхары навакольных шматкватэрных дамоў, населеных пераважна пажылымі і хворымі людзьмі, былі падвергнутыя моцнаму гукавому ўзьдзеяньню. Цягам больш як 5-ці гадзін людзі вымушаныя былі цярпець гучную музыку, ня спаць, пакутаваць ад падвышанага крывянога ціску. Такім чынам, многія жыхары, якія пражываюць у раёне плошчы Перамогі ў горадзе Віцебску, былі падвергнутыя шматдзённым і шматгадзінным катаваньням», – паведамляюць аўтары ліста Лукашэнку.
Фэстываль «Газпрому» завяршыўся, але грамадзяне, якім лёс наканаваў жыць каля віцебскай плошчы Перамогі, ужо з жахам чакаюць наступнай культурнай падзеі – «Славянскага базару». Раней яны неаднаразова зьвярталіся да мясцовых уладаў з просьбай спыніць зьдзек зь іх, што распачаўся ад моманту, як 20 гадоў таму Віцебск быў абвешчаны «культурнай сталіцай Беларусі» і сталі праводзіцца «Славянскія базары». Мясцовыя чыноўнікі усе ранейшыя звароты людзей, якія змагаюцца за сваё здароўе, праігнаравалі. Ці зьменіцца сытуацыя цяпер, пасьля звароту да Лукашэнкі, і ці заступіцца апошні за жыхароў Віцебску?