Футбаліст зьдзіўлены: “Мяне ўразіла, што на закрыцьці міжнароднага турніру «Кубак Дружбы» па пляжным футболе чыноўнікі казалі ў мікрафон, што Віцебская вобласьць - гэта адзін з самых спартовых рэгіёнаў Беларусі. І прыводзілі статыстыку, што па колькасьці мэдалёў на чэмпіянатах сьвету і Эўропы яна займае другое месца сярод усіх рэгіёнаў Беларусі па выніках гоуа. Як мне потым растлумачылі жыхары Віцебску, мясцовыя спартовыя чыноўнікі рэгулярна публічна выхваляюцца гэтым фактам. Але ж гэта сьмеху варта. Пыл у вочы людзям, якія нічога не разумеюць у спорце і не знаёмыя з рэальнай сытуацыяй у рэгіёне. Бо, наколькі мне вядома, абсалютная большасьць мэдалёў, пра якія ідзе гаворка, заваявалі водналыжнік, прадстаўнікі пажарна-выратавальнага спорту, і іншых неалімпійскіх дысцыплін”.
“А каманды па ўсіх гульнявых відах спорту Віцебскай вобласьці або вядуць бездапаможнае існаваньне, або займаюць аўтсайдарскія пазыцыі. Але ж менавіта футбол і хакей зьяўляюцца найпапулярнейшымі відамі спорту. Лепш бы віцебскія чыноўнікі замест гэтакай хвальбы знайшлі магчымасьць дапамагчы камандам па гульнявых відах спорту, якія прадстаўляюць горад у чэмпіянатах Беларусі”, - упэўнены спартовец.
Нарэшце Аляксей Халецкі зразумеў, што пэрспэктывы заставацца ў «Віцебску» няма: “За тры туры да канца першага кола ў каманды была сустрэча з прадстаўніком органаў мясцовай улады. Ён нам адкрыта сказаў: «Так, прэміяльных ня будзе, ды вас ашукалі з кантрактамі». Пасьля чаго я і некаторыя іншыя футбалісты ўжо ня бачылі сэнсу заставацца ў клюбе”.
Паводле sportvitebsk.com
Крыніца: Дыялёг Online газэта