Зрэшты, трэба аддаць належнае гарадзкому кіраўніцтву ўправы ўнутраных спраў, яны добра падрыхтаваліся да «сьвята»: міліцыянтаў у форме было заўважана ня дужа многа. Большасьць супрацоўнікаў органаў былі пераапранутыя ў цывільнае. Тым ня менш дзякуючы сваім мітусьлівым паводзінам, характэрным спартовым шапачкам на галовах ды рацыям у руках яны рэзка вылучаліся з натоўпу.
Нагадаем, што напярэдадні сёлетняга шэсьця Дзядоў Марозаў у Віцебску ўспыхнуў скандал. Настаўнікі адной з гімназіяў гораду зьвярнуліся ў сродкі масавай інфармацыі зь лістом, у якім з абурэньнем паведамілі, што ўдзельнічаць у парадзе іх прымушаюць. Ад настаўнікаў патрабавалі ня проста прыйсьці на імпрэзу, але і недзе раздабыць касьцюмы для ўдзелу ў ёй.