Васіль Васільевіч 9 студзеня вырашыў памяняць правы кіроўцы. У ДАІ ў грамадзяніна запатрабавалі пашпарт. Не падазраючы благога, Ільніцкі, у думках цытуючы словы зь верша літаратурнага клясыка (… «чытайте, завидуйте…»), працягнуў яго ў акенца. А ў адказ супрацоўнік, нахмурыўшы бровы, абвясьціў: «Ваш дакумэнт фальшывы».
- Што вы такое кажаце,- зьдзівіўся законапаслухмяны грамадзянін, - я па гэтым пашпарце ня так даўно езьдзіў за мяжу, пабраўся шлюбам і зьдзейсьніў абмен кватэры!
Але на абурэньне аўтамабіліста прагучала ўсьлед катэгарычнае «не».
Маўляў, гэта ксіва, а не дакумэнт, паколькі ў кампутарнай базе дадзеных адсутнічаюць якія-небудзь зьвесткі на прад’яўленае «пасьведчаньне асобы».
Зь мілым ліхам Васіль Ільніцкі пасьпяшаўся ў АГіМ (раней гэтае ведамства называлася АВІР) Першамайскага раёну, спадзеючыся, што там непаразуменьне вырашыцца. І, сапраўды, начальніца аддзяленьня маёр міліцыі Вікторыя Хлиманкова пацешыла: маўляў, прыкрую памылку выправім, для ДАІ выдадзім даведку, але атрымаць яе трэба ў іншым габінэце.
Наведвальнік накіраваўся ў суседні габінэт. Праўда, каб завізаваць выдадзеную «паперу», спатрэбілася вярнуцца да начальніцы.
Паводле слоў Васіля Васільевіча, ён з усьмешкай на твары (яно і зразумела - непаразуменьне разьвязалася) нават не пасьпеў адчыніць дзьверы, як на шляху зьявілася нешта двухмэтровага росту. Гэтае нешта пагрозьліва зашыпела: «Куды прэш без чаргі?!»
- Я толькі што тут быў, і мне патрэбен подпіс, які зойме паўхвіліны.
- Усім патрэбен подпіс! - раўнула нешта, і зараз жа Васіль Ільніцкі атрымаў удар нагой у пахвіну. Ад другога ён пасьпеў ухіліцца - усё ж у маладосьці займаўся самба і іншымі відамі спартыўнай барацьбы. Прымудроны жыцьцёвым вопытам і заўсёды ўзброены сваім крэда «сіла кулакоў - доля дурняў», ён, натуральна, ня стаў даваць здачы незнаёмцу.
Але бамбіза не спыніўся і нанёс удар галавой. З расьсечанага брыва хлынула кроў. На шум выскачылі з габінэтаў супрацоўніцы ў міліцэйскай форме, яны ж на месцы аказалі мэддапамогу. З акрываўленым тварам пацярпелы накіраваўся ў Першамайскі РАУС, дзе яму далі накіраваньне на судмэдэкспэртызу. У траўмапункце «зацыравалі» рану і наклалі павязку.
Зьдзіўляе, аднак: ніводзін са сьледчых органаў па сьвежых сьлядох нават не пажадаў апытаць пацярпелага, як гэта звычайна бывае з пацярпелымі, якія прайшлі праз траўмапункт. На наступны дзень Васіль Ільніцкі сам праявіў ініцыятыву і прыбыў ва УУС, дзе даў тлумачэньні з нагоды інцыдэнту. На жаль, афіцэр ня змог ці не захацеў адказаць на пытаньне Ільніцкага, хто ж усё-такі яго зьбіў.
- Ва ўстаноўлены тэрмін паведамім, - запэўнілі.
Вось і гадай цяпер над здарэньнем. Як бы там ні было, а твар у Ільніцкага пабіты, на целе маюцца сінякі, дакумэнтальна зафіксаваныя судмэдэкспэртызай. Напэўна, і сьведкі мардабою знойдуцца. Пачакаем вэрдыкту суду, які, трэба думаць, расставіць усе кропкі над i.
І апошняе. Уся гэтая гісторыя толькі пацьверджаньне азлобленасьці людзей у беларускім грамадзтве…