Кошт праходу на сьвята ў трыццаць тысяч беларускіх рублёў паменшыў колькасьць ахвотных наведаць фэстывальныя імпрэзы. Зрэшты, карэнныя палачане, якія ведаюць кожны закуток у старым горадзе, маглі праходзіць на тэрыторыю фестывалю таемнымі сьцежкамі.
На сьвята прыйшло шмат моладзі. Дзецям было цікава паглядзець на тэатралізаваны штурм драўлянага замку, пабудаванага на беразе Дзьвіны, пахадзіць па лягеры сярэднявечных рыцараў, пастраляць з луку. Стомленыя рыцары, якія вярталіся ў лягер пасьля штурму замку, уразьліва глядзеліся на фоне старажытнага Сафійскага сабору.
З адваротнага боку сабору была ўсталяваная сцэнічная пляцоўка, на якой праходзілі канцэрты сярэднявечнай музыкі. У пятніцу ўвечары фэст адкрываўся выступам гуртоў «Стары Ольса», «Auli», «Spiritual Seasons».
Фэст сярэднявечнай культуры ў Полацку ладзіцца з 2008 году. Гэтым разам у сьвяце бралі ўдзел дзясяткі клюбаў гістарычнай рэканструкцыі з розных гарадоў Беларусі і замежжа. Арганізатары фэсту лічаць, што ён ужо дасягнуў эўрапейскага ўзроўню правядзеньня сьвята.
https://viciebskspring.org/news/roznae/item/1018-syarednyavechnae-svyata-za-groshy-fota#sigProIde092b0a817