«Вы, калі ласка, мяне не падстаўляйце. Пра мяне ніхто не мусіць ведаць. Я былы супрацоўнік МУС, інфармацыя носіць аператыўны характар, майце на ўвазе, што гэтая жанчына – лідар, актывістка мітынгаў-майданаў у Віцебску. Не супраць пайсці на дзяржпераварот», – піша аўтар заявы, чыё прозвішча міліцыянты нават не парупіліся зацерці.
«Так, я ведаю яго па працы, гэта інжынер па пажарнай бяспецы Кавальчынскі Юрый Анатольевіч. Якраз мяне на пачатку верасня правяраў. І мы тады яшчэ счапіліся наконт выбараў. Ну такая спрэчка невялікая атрымалася. Але ўвечары пачаў пісаць мне ў вайберы і павучаць мяне ў духу прапаганды. Раздрукоўка той размовы таксама фігуруе ў маёй справе», – расказвае Алена Каваленка.
Яна прызнаецца, што была шакаваная, калі натрапіла на ананімку ў матэрыялах справы.
«Гэта быў шок! Адна справа паразмаўляць з чалавекам прыватна і падзяліцца сваімі поглядамі. Я ніколі не хаваю сваіх поглядаў, такая мая пазіцыя. Але калі асабістую перапіску нясуць у міліцыю… Гэта як сталінскія часы вярнуліся! 37-ы год нейкі», – кажа Алена.
«Настроеная вельмі агрэсіўна супраць прэзідэнта РБ, супраць расейскай мовы, усіх руска-беларускіх славян. Прыхільніца ўз’яднання з Еўропай», – гэтак характарызуе Алену ў сваім лісце ў міліцыю ваенны пенсіянер і былы спецназавец, як ён сябе называе.
Алена выказвае меркаванне, што акурат гэты данос, які трапіў у міліцыю 9 верасня, стаў прычынай таго, што ёй зацікавілася супрацоўнікі МУС, сачылі за ёй 13 верасня падчас шэсця, а потым склалі пратакол паводле арт. 23.34, па якім суд прызнаў яе вінаватай і аштрафаваў.
Больш за тое, гэты «ананімны электронны зварот» быў накіраваны намеснікам начальніка УУС аблвыканкаму Шаховічам у РАУС Першамайскага раёну «для разгляду па сутнасці» (дакумент таксама маецца ў справе).
«Ананімныя даносы не мусяць быць нормай у дэмакратычным грамадстве. Так, яны могуць выкарыстоўвацца органамі, каб не дапусціць з боку экстрэмісцкі настроеных асоб крымінальных учынкаў. Але калі па ананімным даносе праводзіцца праверка ў дачыненні грамадскай актывісткі, то гэта – хуткі шлях да палітычных рэпрэсій, якія праводзіліся НКУС СССР у 30-40 гады XX-га стагоддзя», – мяркуе віцебскі праваабаронца Леанід Свецік.
Зміцер Міраш