Чацвер, 05 Кастрычнік 2017

Ці выступіць Віктар Каліна ў Віцебску? Адкажа пракуратура

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Віктар Каліна Віктар Каліна

Як мяркуюць віцябляне, дзейнасьць расейскага артыста супярэчыць нацыянальным інтарэсам РБ і мае ўсе прыкметы распальваньня міжнацыянальнай варажнечы. 4 кастрычніка грамадзяне зьвярнуліся з адпаведнай заявай у пракуратуру. Канцэрт Каліны ў горадзе заплянаваны на 23 кастрычніка.

“Ці выступаць Каліне ў Віцебску, залежыць ад пракуратуры і ад продажу квіткоў. Заяву прынялі, квіткі амаль не прадаюцца. Вынікам паходаў па кабінэтах і інстанцыях сталі даволі карысныя веды...” – напісала на сваёй старонцы ў Facebook адна з ініцыятараў забароны канцэрту Тацяна Севярынец.

“Віцебск, спадзяемся, што ў тваіх слухачоў добры густ і ты не павядзесься на заклік “Эх, разгуляемся!” – дадае.

“Эх, разгуляемся!” – так называецца праграма канцэрту Віктара Каліны, які мае адбыцца 23 кастрычніка ў Віцебскай абласной філярмоніі. Як патлумачыла нам Тацяна Севярынец, нагодай для звароту ў пракуратуру сталі абразьлівыя і “брудныя” выказваньні сьпевака ў сацыяльных сетках. У сваіх пастах і камэнтарах Каліна выказвае жаданьне “отрубать уши сапёрской лопатай” усім незадаволеным ды іншадумцам. Называе Віцебск горадам “славы российского оружия” і прапануе публічна расстрэльваць лідэраў апазыцыі (“кучку негодяев”).

Скан з камэнтару ў сацыяльных сетках

У 2015 годзе ў інтэрнэце шырока распаўсюджваліся фотаздымкі, узятыя з афіцыйнага сайту Каліны, на якіх ён пазіруе са зброяй і сьцягам ДНР у руках падчас канцэрту.

Як распавяла Тацяна Севярынец, перад тым як падаць заяву ў пракуратуру, актывісты наведалі ўпраўленьне ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму, дзе мелі на гэты конт размову са спэцыялістам Генэральніцкім. Той запатрабаваў у філярмоніі праграму канцэрту і не знайшоў у ёй нічога крымінальнага, але паведаміў, што квіткі на канцэрт прадаюцца вельмі дрэнна.   

Спэцыяліст упраўленьня культуры, таксама, дарэчы, як і дырэктарка абласной філярмоніі Алена Падаляк, спасылаецца на прававыя нормы.

“Маўляў, калі пракуратура выявіць якія парушэньні, яны проста зьнімуць гэты канцэрт. А пакуль што ня маюць для гэтага ніякіх падстаў”, - тлумачыць Тацяна Севярынец.

Як ёй паведамілі ў аблвыканкаме, каб зладзіць канцэрт у філярмоніі, Віктару Каліне патрэбна было ўсяго толькі атрымаць дазвол ад кіраўніцтва ўстановы культуры. Аказваецца, для гэтага цяпер ня трэба зьвяртацца ў “абласную ідэалёгію”. Хто дае дазвол на выступы ў рэгіёнах, засталося нявысьветленым.

Нагадаем, што ў межах свайго “восеньскага туру па Рэспубліцы “Беларусь” (назва краіны на афішы ўзятая ў дужкі) Каліна дае канцэрты і ў іншых гарадах Віцебшчыны і Беларусі (Докшыцы, Паставы, Бабруйск, Магілёў ды інш.). Сёлетні канцэрт у Менску, які меўся адбыцца ў ДК трактарнага заводу, Каліна адмяніў.  

Як патлумачыла дырэктар філярмоніі Алена Падаляк, усе песьні ў праграме – пра каханьне.

Дарэчы, апошняя навіна на афіцыйным сайце Каліны тычыцца ягоных прэтэнзіяў да кампаніі “Камэды Клаб”, якая нібыта без дазволу выкарыстоўвала ягоны твор пад характэрнай назвай “Ой бухну”.

Зьміцер Міраш

1 камэнтар