«Безумоўна, працоўныя ня маюць поўнай інфармацыі пра становішчы прадпрыемства, пра яго праблемы. Але яны ня могуць не заўважаць, што памяншаецца аб’ём вытворчасьці, памяншаецца колькасьць, - сказаў Аляксандр Бухвостаў. - Паводле слоў рабочых, на прадпрыемстве засталося каля паўтары тысячы чалавек. Заробак нізкі - да 4 мільёнаў рублёў. Мне давялося пагутарыць з рабочымі зь некалькіх віцебскіх заводаў, але ніхто не сказаў, што іх прадпрыемства добра працуе, усе лічаць, што становішча дрэннае».
ААТ «Віцязь» ліхаманіць ўжо некалькі гадоў. У 2011 годзе Міністэрства прамысловасьці заявіла пра намер зрабіць экстранныя захады дзеля разьвіцьця прадпрыемства. На той момант завод ужо некалькі гадоў меў праблемы са збытам электроннай прадукцыі бытавога прызначэньня, практычна адмовіўся ад яе рэалізацыі ў Расеі.
Па дадзеных камітэту эканомікі Віцебскага аблвыканкаму, у 2012 годзе вытворчыя магутнасьці ААТ «Віцязь» былі загружаныя ўсяго на 20%. На пачатку 2013 году міністар прамысловасьці Дзьмітры Кацярыніч заявіў, што кансэрватызм ранейшага кіраўніцтва заводу прывёў да таго, што прадпрыемства ня здолела своечасова перабудавацца на рынкавыя рэйкі, сувязі з распрацоўшчыкамі прадукцыі падвойнага прызначэньня былі згубленыя, а брэнд «Віцязь» страціў колішнюю папулярнасьць.
Паўгода таму генэральны дырэктар ААТ «Віцязь» Сяргей Гунько паведаміў газэце «Витебские вести», што вытворчасьць тэлевізараў губляе ў структуры прадпрыемства статус асноўнай, большая ўвага будзе надавацца выпуску мэдычнай і бытавой тэхнікі. Частка вялікіх вытворчых плошчаў не выкарыстоўваецца, і іх маюць намер выставіць на продаж праз аўкцыён або здаць у арэнду. На пытаньне аб прыцягненьні інвэстараў гендырэктар заводу адказаў: «”Віцязь” ня мае абаротных сродкаў, мае толькі вялікую пазыковую гісторыю».