Серада, 01 Кастрычнік 2014

На Віцебшчыне зьменшыліся заробкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Віцебскай вобласьці ў апошнім летнім месяцы склала 5.692.850 і за месяц зьменшылася на 18.022 рублі. Зьніжэньне заробкаў у жніўні адбылося ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Дзякуючы гэтаму Віцебская вобласьць нарэшце перастала ўтрымліваць лаўры самага нізкааплатнага рэгіёну краіны.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў Рэспублікі Беларусь у жніўні 2014 году склала 6.364.471 рубель і зьменшылася ў параўнаньні зь ліпенем 2014 году на 1,4%, або на 90.800 рублёў.

Рэальная заработная плата (заработная плата, разьлічаная з улікам росту спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у студзені-жніўні 2014 году ў параўнаньні са студзенем-жніўнем 2013 году павялічылася на 1,3%, у жніўні 2014 году ў параўнаньні зь ліпенем паменшылася на 2,2%.

Налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў Рэспублікі Беларусь па абласьцёх і г. Менску

Тройка лідэраў апошняга месяца лета выглядае наступным чынам:
Менск - 8.103.586 (-192.430) рублёў;
Менская вобласьць - 6.546.186 (-2.045) рублёў;
Гомельская вобласьць - 6.014.733 (-108.218) рублёў.

Сярэдні заробак за жнівень у Гарадзенскай вобласьці быў роўны 5.813.587 (-32.604) рублёў, у Віцебскай - 5.692.850 (-18.022), у Магілёўскай вобласьці - 5.642.717 (-86.631), у Берасьцейскай - 5.601.143 (-133.736).

Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Рэспублікі Беларусь па асобных відах эканамічнай дзейнасьці ў жніўні 2014 году (тыс. рублёў)

Найвышэйшая сярэдняя заработная плата ў жніўні бягучага году была ў работнікаў, занятых у дзейнасьці, зьвязанай з вылічальнай тэхнікай, - 16.388.875 рублёў. Таксама высокія паказчыкі зафіксаваныя па такіх відах эканамічнай дзейнасьці, як паветраны транспарт - 14.072.635, вытворчасьць коксу, нафтапрадуктаў і ядзерных матэрыялаў - 12.769.754, хімічная вытворчасьць - 10.975.643, фінансавае пасярэдніцтва - 10.220.571.

У жніўні 2014 году ў будаўніцтве сярэдняя заработная плата склала 8.598,2 тыс. рублёў, на транспарце і ў сувязі - 7.307,3 тыс. рублёў, у прамысловасьці - 6.937,1 тыс. рублёў, у сельскай гаспадарцы і лясной гаспадарцы - 5.217,9 тыс. рублёў, у адукацыі - 3.867,3 тыс. рублёў, у тым ліку настаўнікаў - 4.393,6 тыс. рублёў, прафэсарска-выкладчыцкага складу - 5.797,3 тыс. рублёў. Заработная плата работнікаў аховы здароўя была роўнай 4.646,1 тыс. рублёў. Сярэдняя заработная плата лекараў склала 7.215,1 тыс. рублёў, сярэдняга мэдычнага пэрсаналу - 4.475,6 тыс. рублёў.

Нагадаем, вядзецца пра сярэднія паказчыкі па галінах і пра налічаныя заробкі, г.зн. пра сумы без уліку розных вылікаў.

Крыніца: Хімік.інфо