Субота, 27 Снежань 2014

Суд задаволіў патрабаваньні рабочых

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Суд Полацку 20 сьнежня прыняў рашэньне абавязаць дырэктара ААТ «Полацак-Шкловалакно» не чыніць перашкоды ў наведваньні заводу старшыню Свабоднага прафсаюзу рабочых прадпрыемства Віктару Стукаву. Рашэньне ўступіць у сілу 1 студзеня 2015 году, калі да 31 сьнежня дырэктар не абскардзіць рашэньне ў Віцебскі абласны суд. Абскарджаньне можа зацягнуць наведваньне заводу прадстаўніком Свабоднага прафсаюзу яшчэ на паўтара месяца.

Зварот у суд на дырэктара ААТ «Полацк-Шкловалакно» было прынятае Свабодным прафсаюзам на запатрабаваньне рабочых. Апошнія палічылі сябе дыскрымінаванымі тым, што іх прадстаўнік ня можа прайсьці да працоўнага месца сябраў Свабоднага прафсаюзу, у той час як, да чальцоў «Белхімпрафсаюзу» пастаянна прыходзяць прадстаўнікі іх прафсаюзу.

Прадстаўнікі рабочых

Рабочых ААТ «Полацак-Шкловалакно» ў судзе прадстаўлялі намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага па Віцебскай вобласьці Мікалай Шарах, які працуе на заводзе памочнікам майстра, і Старшыня заводзкай пяршоўкі Віктар Стукаў, які прапрацаваў на заводзе 29 гадоў і які знаходзіцца на датэрміновай пэнсіі за працу ў шкодных умовах працы.

Доказы для суду

У суд былі пададзеныя доказы, што Свабодны прафсаюз на заводзе зарэгістраваны мясцовымі органамі ўлады; дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што спадар Стукаў зьяўляецца старшынём першаснай арганізацыі; дакумэнты пра пералічэньне рабочымі праз бухгальтэрыю заводу прафсаюзных унёскаў, якія пацьвярджаюць факт прыналежнасьці працоўных да Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

Рабочыя маюць простую і зразумелую мэту

Мэтай звароту ў суд з пазовам сталася ліквідацыя дыскрымінацыі і перашкодаў у наведваньні старшынём Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства, якія чыняцца з боку адміністрацыі заводу. Пры гэтым, на думку прадстаўнікоў Свабоднага прафсаюзу, ці будзе гэта забясьпечана праз выдачу пропуску або ў іншым парадку – значэньня ня мае. Неабходнасьць наведваньня працоўных месцаў сябраў прафсаюзу не зьвязаная з правядзеньнем грамадзкага кантролю, парадак якога ўрэгуляваны дзейным заканадаўствам. Рабочыя прасілі абавязаць дырэктара заводу не перашкаджаць старшыню Свабоднага прафсаюза Віктару Стукаву наведваць прадпрыемства.

Пярэчаньні працадаўцы

У судовым паседжаньні і ў пісьмовых пярэчаньнях на пазоў прадстаўнік адказчыка Васіль Зацірахін паказаў, што пазоўныя патрабаваньні не прызнае ў поўным аб’ёме. На думку адміністрацыі заводу, ААТ «Полацак-Шкловалакно» эксплёатуе небясьпечныя вытворчыя аб’екты, зьяўляецца рэжымным прадпрыемствам, і адвольнае наведваньне яго прамысловых аб’ектаў не дапускаецца.

Згодна з паведамленьнем у судзе Зацірахіна, у ліпені 2014 году старшыня прафсаюзу спрабаваў незаконна наведаць вытворчыя аб’екты з мэтай правядзеньня праверкі умоваў працы работнікаў і захаваньня іх працоўных правоў, ня маючы на тое адпаведнага дакумэнту і іншых неабходных дакумэнтаў. Прапускны і ўнутрыаб’ектны рэжым у адказчыка ўрэгуляваныя інструкцыяй, зацьверджанай 22.04.2014, у адпаведнасьці зь якой падстаў для выдачы пропуску Стукаву В.Я. ня маецца, – так мяркуе адміністрацыя прадпрыемства.

Зацірахін сьцьвярджаў, што колькасьць сябраў Свабоднага прафсаюзу Беларускага на заводзе складае 0,36% ад агульнай колькасьці работнікаў, першасная арганізацыя не зьяўляецца ўдзельнікам заключанай на прадпрыемстве калектыўнай дамовы; у той самы час сябрамі «Белхімпрафсаюзу» зьяўляюцца 97,7% работнікаў, зь першаснай арганізацыяй гэтага прафсаюзу адказчыкам ажыцьцяўляецца сацыяльнае партнэрства.

Рабочыя абапіраюцца на міжнародныя забавязаньні Беларусі

У сваіх патрабаваньнях рабочыя спасылаліся на нормы міжнароднага права. У заяве ў суд паказвалася, што дырэктарам заводу Мікалаем Качаноўскім не даецца магчымасьці наведаць цэхі і працоўныя месцы сябраў Свабоднага прафсаюзу, што супярэчыць палажэньням артыкулу 23 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб прафэсійных саюзах», зьяўляецца парушэньнем забавязаньняў Рэспублікі Беларусь па Канвэнцыях Міжнароднай арганізацыі працы №87 і №98, Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох. Разам з тым працаўнікоў заводу, якія знаходзяцца ў «Белхімпрафсаюзе», на працоўных месцах свабодна наведваюць прадстаўнікі апошняга.

Суд вырашыў

Заслухаўшы пазоўніка Віктара Стукава, прадстаўніка пазоўніка – першаснай арганізацыі ААТ «Полацак-Шкловалакно» Свабоднага прафсаюзу Беларускага – Мікалая Шараха, прадстаўніка адказчыка Васіля Зацірахіна, дасьледаваўшы пісьмовыя матэрыялы справы, суд прыйшоў да высновы, што пазоўныя патрабаваньні рабочых падлягаюць задавальненьню.

У рашэньні суду пазначаныя наступныя патрабаваньні да дырэктара ААТ «Полацак-Шкловалакно»:

1. Абавязаць адкрытае акцыянэрнае таварыства «Полацак-Шкловалакно» не чыніць перашкоды ў наведваньні адкрытага акцыянэрнага таварыства «Полацак-Шкловалакно» старшыню Першаснай арганізацыі ААТ «Полацак-Шкловалакно» Свабоднага прафсаюзу Беларускага Стукаву Віктару Якаўлевічу.
2. Спагнаць з адкрытага акцыянэрнага таварыства «Полацак-Шкловалакно» на карысьць Стукава Віктара Якаўлевіча дзяржаўную пошліну ў суме 450 000 рублёў.

Дыялёг