Нядзеля, 22 Сакавік 2015

У Талачынскім раёне працаўнікоў прымушаюць «купляць беларускае», каб дапамагчы калгасам

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У сельскай гаспадарцы няпростая сытуацыя, а трэба праводзіць пасяўную. Дзе ўзяць грошы? У рэдакцыю Onliner.by прыйшоў ліст з Талачынскага раёну. Аксана Сяргееўна, працаўніца бюджэтнай арганізацыі, распавяла пра схему, якую зноў рэанімавалі ў глыбінцы. Сутнасьць, паводле яе слоў, простая: людзей «настойліва просяць» атаварвацца на фіксаваную суму айчыннай ежай.

У райвыканкаме, куды журналісты зьвярнуліся па камэнтар, інфармацыю пра «абавязалаўку» катэгарычна адмаўляюць.

– Кіраўнікоў арганізацыяў выклікалі ў райвыканкам і выдалі распараджэньне, што кожны работнік, ад прыбіральшчыцы да начальства, абавязаны штомесяц купляць набор прадуктаў мясцовай вытворчасьці, – распавядае Аксана. – Першапачаткова называлася сума 300 тысяч у месяц, а для начальства – наогул 1 мільён. Ініцыятыва гэта мясцовай улады або абласной – невядома. Але распараджэньне дакладна закранула мэдыкаў, культуру, адукацыю і іншых. Фактычна ўсяго раёну, невядома толькі пра міліцыю, напрыклад. У якасьці прычын агучвалася тое, што працаўнікам калгасаў няма чым плаціць заробкі.

– Першапачаткова казалася, што можна будзе пайсьці ў краму, узяць прадуктаў на гэтыя 300 тысяч. І даць справаздачу чэкамі, – працягвае аўтар паведамленьня. – Па факце ж аказалася так: калгас прывозіць «падшэфнай» арганізацыі вельмі абмежаваны набор прадуктаў, у асноўным мясных – рулеты, тушонка, куры, кілбаса. Казалася, што ўсё гэта будзе рэалізоўвацца без гандлёвай нацэнкі, са зьніжкай прыкладна ў 20%. Але пры параўнаньні коштаў з крамнымі выйшла аднолькава амаль усё. Таньней толькі некаторыя віды прадукцыі. Ёсьць сярод прадуктаў нават тыя, тэрмін прыдатнасьці якіх мінае праз 3 дні. Затое абавязковую суму зьнізілі да 250 тысяч. Прадукты «рэалізуюцца» пад подпіс.

Як мы зразумелі, схема атрымліваецца такая: калгасы Талачынскага раёну пастаўляюць сыравіну такім прадпрыемствам, як Аршанскі мясакамбінат, Лепельскі малочны камбінат і інш. Тым няма чым зь імі расплачвацца, калгасьнікі не атрымліваюць зарплату, вось і знайшлі такое арыгінальнае выйсьце. Колькі гэта будзе доўжыцца – не паведамляецца, ходзяць розныя чуткі – ад 3 месяцаў да году. Наконт санкцыяў у дачыненьні да тых, хто адмовіцца, пакуль таксама нічога не вядома. У маёй арганізацыі ніхто не адважыўся адмаўляцца: усе хочуць працаваць. Наўпрост звальненьнямі ня пагражалі, але ўсім зразумела, што лепш не пярэчыць.

Камэнтар выканкаму

– Давайце расставім кропкі над «i», – кажа першы намесьнік старшыні райвыканкаму Сяргей Калесьнікаў. – Тыя людзі, якія кажуць сёньня пра тое, што мы «абавязалі іх купіць прадукцыю», у корані ня маюць рацыі. Сёньня не разглядаецца пытаньне ні на якім узроўню, што нейкі грамадзянін абавязаны прыйсьці і купіць. Мы папросту прапануем нашым бюджэтным арганізацыям набыць прадукцыю на выгадных умовах, па цэнах, ніжэйшых за раздробныя. Няма такога – ты павінен купіць гэтую кілбасу, і ўсё.

– Ад пакупак можна адмовіцца?

– Натуральна! І ніякіх перасьледаў і да т.п. ня будзе.

– Але людзі чамусьці хвалююцца…

– Людзей хвалюе пытаньне, бо інфармацыя няправільная пайшла. Вось я сабе ўжо купіў, шмат хто купілі. Чым сёньня купляць у краме мяса па 200 тысяч за кіляграм, лепш узяць па 120 тысяч, ці ня праўда? Тым больш гэта не прадукцыя, якая валяецца на складох, а сьвежая, з усімі неабходнымі сэртыфікатамі.

– І ўсё ж – у чым неабходнасьць такой схемы?

– Такі «карабейны гандаль» – гэта выхад для сялян, зь якімі сёньня мясамалпрам не разьлічваецца жывымі грашыма, а кажа: бярыце ў нас прадукцыю, а яе потым рэалізоўвайце каму заўгодна і выжывайце. Гэта папросту выйсьце з сытуацыі, якая склалася…

onliner.by