Серада, 01 Красавік 2015

У віцебскай прадпрымальніцы канфіскавалі тавар на 152 мільёны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Падаткавікі патлумачылі свае дзеяньні адсутнасьцю суправаджальных дакумэнтаў на тавар. На думку лідэра грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанкі, гэта паказальны прыклад, які кажа пра тое, што чакае прадпрымальнікаў у будучым годзе.

Як распавяла прадпрымальніца Сьвятлана Ваяводзіна, 17 сакавіка да яе гандлёвага пункту ў віцебскім гандлёвым цэнтры «Эўропа» прыйшлі прадстаўнікі ІМПЗ і АБЭЗ, якія заявілі, што канфіскоўваюць тавар з-за адсутнасьці суправаджальных дакумэнтаў.

На запэўніваньні жанчыны, што ўсе неабходныя дакумэнты знаходзяцца якраз у інспэкцыі па падатках і зборах, яе прадстаўнікі не адрэагавалі. Выклікалі панятых, пачалі вопіс сканфіскаванай маёмасьці.

Сьвятлана скарысталася момантам і ўцякла ў раённую падатковую, каб высьветліць на якой падставе канфіскуецца яе маёмасьць. Зь яе слоў, начальніца ІМПЗ заявіла, што яе супрацоўнікі дзейнічаюць у рамках закону.

Як кажа Сьвятлана, яна ўжо тыдзень застаецца ў падвешаным стане: «Канфіскавалі тавар на 152 мільёны рублёў. Пратакол канфіскацыі мне пакуль не далі. Незразумела, як дзейнічаць далей. А трэба ж неяк жыць… На мне крэдыт, які трэба штомесяц выплачваць. І дачка вучыцца на платным».

Начальнік інспэкцыі МПЗ па Чыгуначным раёне Віцебску Яніна Шыпалава патлумачыла, што ня бачыць у сытуацыі нічога экстраардынарнага. Паводле яе слоў, праверка была плянавай, прадпрымальніца была ўключаная ў каардынацыйны плян інспэкцыі, пра дату і час правядзеньня апавяшчалася загадзя. Аднак аказалася непадрыхтаванай да візыту інспэктараў: «Пасьля пачатку праверкі Сьвятлана Ўладзімераўна пакінула свой пункт і прыехала наўпрост да нас у інспэкцыю. Тут мы з начальнікам аддзелу яшчэ раз растлумачылі, якіх менавіта дакумэнтаў ёй бракуе. Папрасілі падрыхтаваць, далі час. Аднак дакумэнты дагэтуль не пададзеныя. Цяпер лёс канфіскаванай маёмасьці будзе вызначаць суд».

Як патлумачыла Яніна Шыпалава, па-чалавечаму яна разумее сытуацыю, у якой аказалася прадпрымальніца, і параіла ёй, якія хадайніцтвы напісаць у суд, каб рашэньне было больш мяккім.

Адзначым, што прадпрымальніца Сьвятлана Ваяводзіна не зьяўляецца плацельшчыкам адзінага падатку.

«Гэта паказальны прыклад таго, што будзе з 1 студзеня 2016 году з усімі прадпрымальнікамі, якія пяройдуць на працу з дакумэнтамі. Любая правіннасьць, адсутнасьць коскі або паперкі прывядуць да канфіскацыі тавару», – заявіў у экспрэс-камэнтары лідэр грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка.

Салідарнасьць