Паводле словаў прадаўца, у адзін зь вечароў, недзе а 20:30, да іх у краму прыйшоў міліцыянт і паведаміў, што нібыта за паўтары гадзіны да таго Вольга прадала піва непаўнагадовай.
Сямнаццацігадовую дзяўчыну з бутэлькай піва затрымалі ў гарадзкім парку, у 15 хвілінах хады ад крамы. На пытаньне, адкуль сьпіртное, навучэнка мясцовага каледжу назвала адрас гандлёвага пункту. І апісала прадаўца, якая ёй гэта самае піва прадала.
– Але апісаньне не супадае з маім, – ня стрымлівае эмоцыяў суразмоўніца. – Чэка ў дзяўчыны таксама не аказалася, цану за тавар яна назвала няправільную. З такой сытуацыяй я сутыкнулася ўпершыню, таму, на бяду, не здагадалася адразу пры міліцыянце праверыць касавую стужку. Увечары, калі мы прагледзелі дадзеныя, пацьвердзілася: інфармацыі, што а сёмай вечару хтосьці купіў піва і чыпсы, на стужцы няма.
Хоць піва па касе ўсё ж праходзіла. Праўда, сьцьвярджае Вольга, пакупнік набыў адразу тры бутэлькі. Іх, кажа яна, купіў малады чалавек, якога прадавец раней у сваёй краме не сустракала. Прынамсі, яна яго ня памятае.
Калегі і кіраўніцтва крамы ў гэтай спрэчцы на баку Пашковіч.
– У той дзень я працавала зь ёй на зьмене, – кажа загадчыца Натальля Яцковская. – Навучэнка сьцьвярджае, калі забегла да нас, у краме нікога не было. Ну як гэткае магчыма?! Сёмая вечару, людзі ідуць з працы і заходзяць да нас па закупы.
Справу разглядала адміністрацыйная камісія Глыбоцкага райвыканкаму.
– Мяне пры гэтым нават ня выклікалі ў габінэт, а навучэнка прыйшла зь сяброўкай, і абедзьве прайшлі, – абураецца загадчыца. – Вольга ў нас працуе даўно, яна добры супрацоўнік. Ведаеце, у мяне два гады таму таксама быў падобны выпадак. Прыйшоў міліцыянт, сказаў, што затрымаў хлопца зь півам. Дзіця сьцьвярджала, маўляў, сьпіртное прадала я. Але я нічога не прадавала. Ды мяне і слухаць ня сталі, нават хлапчука таго не паказалі. Вызначылі штраф, і ўсё тут.
Вольга жа мае намер змагацца да канца – і напісала заяву ў пракуратуру.
– Няхай яны разьбяруцца, як усё было. Я знайшла сьведак, якія могуць пацьвердзіць, што людзі ў той час у краме былі. І ніхто зь іх ня бачыў, каб гэтая дзяўчына хоць штосьці ў нас купляла.
Знайсьці сьведак аказалася нескладана. Увечары пасьля працы па хлеб і малако ў краму часта заходзяць адны і тыя ж пакупнікі. Многіх зь іх прадавец ведае ў твар. Ужо на заўтра знайшліся тыя, хто гатовы падтрымаць Вольгу і даказаць, што яна мае рацыю.
– Але самае крыўднае, што навучэнцы паверылі, а мне не, – працягвае суразмоўца. – А дзяўчына на камісіі паводзілася так, нібы ўсё гэта жарт. Але ніяк не сур'ёзны працэс.
У Глыбоцкім РАУС гісторыя прадаўца і падлетка на слыху.
– Але які сэнс падлетку агаворваць прадаўца?! – абураныя ў міліцыі. – І ня верыць двум нашым супрацоўнікам, якія затрымалі дзяўчыну недалёка ад крамы, мы таксама ня можам. У іх на вачох навучэнка выйшла з гандлёвага аб'екту з бутэлькай піва. Мы нярэдка кажам уладальнікам крамаў: усталюеце відэакамэры, гэта дапаможа пазьбегнуць спрэчных момантаў. Але няма, яны спрачаюцца, задорага.
Лічым, дзеяньні супрацоўнікаў былі законнымі. Калі прадавец ня згодная, ёй патлумачылі: калі ласка, абскарджвайце іх дзеяньні. Больш таго, зрабіць гэта яна магла да таго, як адміністрацыйная камісія вынесла сваё рашэньне. Але яна не сьпяшалася.
Крыніца: Тут.бай