Аляксандр Балонкін быў затрыманы 17 верасня проста на працоўным месцы супрацоўнікамі КДБ, у ягоным доме адбыўся ператрус. 1 кастрычніка суда Наваполацку (суддзя Зінаіда Балаболава) прызнала мужчыну вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП) – праз фота з плакатам «Я/МЫ ТУТ.бай», якую Балонкін нібыта размясціў у «Інстаграме». Яму прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. На судовым паседжанні мужчына не прызнаў сваёй віны і заявіў, што наагул не мае акаўнту ў «Інстаграме».
11 кастрычніка праз абласны суд Аляксандр паспрабаваў абскардзіць арышт. У скарзе зазначаў, што справа была разгледжаная «няпоўна і неаб'ектыўна, з істотнымі парушэннямі заканадаўства», прасіў адмяніць рашэнне наваполацкага суду. Але суддзя абласнога суду Святлана Іванова скаргу не задаволіла.
Каб пазбегнуць звальнення за прагул, актывіст спрабаваў аформіць адпачынак за свой кошт без захавання заробку. Аднак працадаўца адмовіўся падпісваць заяву. Балонкіну прапанавалі звольніцца па дамове бакоў. Аляксандр на гэта не пайшоў, палічыўшы, што такім чынам пагодзіцца з дзеяннямі кіраўніцтва і з самім фактам звальнення.
Паводле загаду аб звальненні, якое падпісаў гендырэктар «Нафтану» Андрэй Сойка, інжынер-канструктар мантажна-тэхнічнага аддзелу звольнены «праз адсутнасць на працы ў сувязі з адбываннем адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту».
Лідар незалежнага прафсаюзу мае магчымасць абскардзіць гэтае рашэнне праз суд.
Віталь Емяльянаў