«23 верасня супрацоўнікамі Полацкага РАУС устаноўлена, што Стукаў, знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы, выкарыстоўваючы прылады з выхадам у Інтэрнэт, размясціў і захоўваў у адкрытым доступе ў сацыяльнай сетцы Facebook на асабістай старонцы «Віктар Стукаў» інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», - гаворыцца ў міліцэйскім пратаколе.
Для пераследу праваахоўнікі выкарысталі пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23.04.2007 № 513 «Аб парадку вядзення і апублікавання рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў». Яны мяркуюць, што Віктар Стукаў 16 і 23 ліпеня 2021 году «ў неўстаноўлены час размясціў і захоўваў да моманту выяўлення супрацоўнікамі Полацкага РАУС відэа ў сацыяльнай сетцы Facebook з лагатыпам, лічбавым вадзяным знакам «Белсат TV», чым ажыццявіў яго распаўсюд».
На думку капітана міліцыі Віктара Кураша, у дзеяннях Стукава маюцца ўсе прыкметы складу правапарушэння, якія адпавядаюць ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць»).
Дата суду пакуль не вызначаная. Але калі суд прызнае датычнасць прафсаюзнага лідара да распаўсюду экстрэмісцкіх відэаматэрыялаў, то яму пагражае штраф да 870 рублёў або адміністрацыйны арышт да 15 сутак.
Віталь Кажух