Чацвер, 04 Сакавік 2021

Віцябляне патрабуюць не звальняць доктара Мартава

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Уладзімір Мартаў Уладзімір Мартаў

Петыцыя да ўладаў з патрабаваннем не звальняць з пасады загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскага клінічнага шпіталя хуткай дапамогі Уладзіміра Мартава за адзін дзень сабрала паўтары тысячы подпісаў. Доктару Мартаву не працягваюць працоўны кантракт. Ён будзе звольнены ад 3 красавіка.

«На наш погляд, зроблена гэта было з той прычыны, што Уладзімір Юр'евіч Мартаў стаў адным з першых лекараў у Беларусі, хто яшчэ ў красавіку 2020 году, калі ўлады запэўнівалі, што ніхто ад COVID-19 у нас не памірае, не пабаяўся адкрыта заявіць, што праблема існуе, і яна – сурʼёзная», – гаворыцца ў петыцыі.

Летась у траўні Уладзімір Мартаў даў вялікае інтэрвʼю СМІ, дзе расказаў пра свой досвед лячэння хворых на каронавірус. Выказаў таксама скептычнае стаўленне да афіцыйнай статыстыкі колькасці смерцяў ад COVID-19 у Беларусі.

«Мы лічым, што ў XXI стагоддзі звальненне за праўду – бесчалавечна», – пішуць аўтары петыцыі. Яны патрабуюць не звальняць лекара і працягнуць яму працоўны кантракт.

Калектыўны зварот праз 10 дзён будзе накіраваны ў галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму. Пад ім ужо падпісаліся больш за паўтары тысячы грамадзян.

Зміцер Міраш