Вольга Брыцікава звяртае ўвагу на тое, што ў яе няма пропуску на тэрыторыю «Нафтанe», таму яна не можа асабіста сустрэцца ні з яго адміністрацыяй, ні з працаўнікамі ў цэхах. У сувязі з гэтым робіць адкрыты зварот.
«Нафтан» – гэта не толькі вытворчыя магутнасці, фінансавыя і матэрыяльныя патокі. «Нафтан» – у першую чаргу жывыя людзі, працоўныя і службоўцы, прафесіяналы і адмыслоўцы. «Нафтан» – гэта жыхары Наваполацку, Полацку і наваколля. «Нафтан» – гэта працоўныя дынастыі. «Нафтан» – гэта людзі, якія ўраслі ў яго каранямі, якія любяць і ведаюць завод. Людзі, у якіх ёсць права і патрэба людзьмі быць і «людзьмі звацца». Паспрабуйце зразумець і прыняць гэта», – просіць Вольга Брыцікава.
Паводле яе слоў, на заводзе «ўзмацніўся ціск на працоўных з боку начальнікаў структурных падраздзяленняў».
«Прычым відавочна, што і начальнікі структурных падраздзяленняў таксама падпадаюць пад прэсінг і знаходзяцца паміж молатам і кавадлам – паміж кіраўніцтвам больш высокага рангу і падначаленымі. Масавая праверка службай бяспекі выканання работнікамі працоўнай дысцыпліны (у асноўным у дачыненні да членаў БНП) і абсурдная трактоўка яе вынікаў, пагроза няздачы экзаменаў і не працягнення кантракту, так званае «добраахвотнае» падпісанне лісту Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – усё гэта негатыўна адбіваецца на маральна-псіхалагічным клімаце ў калектыве, вядзе да стварэння напружанай сацыяльнай атмасферы», – лічыць кіраўнічка завадской «пяршоўкі» БНП.
На думку Брыцікавай, гэта можа «прымусіць даведзеных да адчаю працоўных да стачкі – як да крайніх мірных захадаў у абароне сваіх парушаных правоў».
«У вашых сілах спыніць рэпрэсіі. Зрабіце гэта!» – звяртаецца прафсаюзная лідарка да гендырэктара ААТ «Нафтан».
Нагадаем, Вольга Брыцікава – адна з актывістак пратэставага руху на наваполацкім «Нафтане» – у студзені ўзначаліла на гэтым заводзе «першасную арганізацыю» Беларускага незалежнага прафсаюзу.
Адным з першых дзеянняў першаснай арганізацыі працаўнікоў ААТ «Нафтан» пры новым кіраўніку стала адкрытая заяву «аб нелегітымнасці VI Усебеларускага народнага сходу».