Уласьнікам памяшканьня на Маскоўскім праспэкце, 66 зьяўляецца Віцебскі гарвыканкам. У траўні 2018 году Анар Іваноў, які арандуе памяшканьне пад цырульню, ужо праводзіў галадоўку (9 дзён) – хацеў дамагчыся, каб уласьнік замяніў вялікія вокны, якія разьбіліся ад ветру і ледзь ня сталі прычынай трагедыі. Пратэст выніку ня меў – шыбіна плошчай 20 кв. м дагэтуль знаходзіцца ў небясьпечным стане.
“Гарант” мусіў быў прыватызаваць памяшканьне
“Тады я вырашыў даведацца, як гэтае памяшканьне дасталася ўласьніку. І аказалася, што ўсё вельмі цікава. Раней, яшчэ ад часоў СССР, тут знаходзіўся ААТ “Гарант”. Маюцца пацьвярджальныя дакумэнты і тэхпашпарт, выдадзены ў 1976 годзе. Нерухомасьць была перададзеная прадпрыемству, сьледам за чым яны мусілі гэтае памяшканьне прыватызаваць. І гэта было б цалкам лягічна – стаць уласьнікам, каб не плаціць арэнду”, – расказвае Анар Іваноў.
Але прыватызацыі не адбылося, і ў 2011 годзе “Гарант” зноў перадаў маёмасьць гарвыканкаму. Прадпрымальнік мяркуе, што падчас перадачы чыніліся супрацьпраўныя дзеяньні і зьдзяйсьняліся карупцыйныя схемы.
“Ці можна за так аддаць каму сваю ўласнасьць? Я лічу, што не. Гэта проста абсурд! Не паддаецца, шчыра кажучы, ніякай лёгіцы. І без карупцыі тут не абышлося”, – запэўнівае ўладальнік “Ірысу”.
Іваноў зьвяртаўся ў суд
У чэрвені 2018 году Іваноў зьвярнуўся ў суд Кастрычніцкага раёну Віцебску з пазовам аб прызнаньні несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасьці. У якасьці адказчыкаў у судзе павінны былі выступіць Віцебскае агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельнаму кадастру, прадпрыемства “Гарант” і Віцебскі гарвыканкам.
У заяве Іваноў апэляваў да арт. 41 Закону аб барацьбе з карупцыяй (“Адмена рашэньняў, прынятых у выніку зьдзяйсьненьня правапарушэньняў, якія складаюць умовы для карупцыі, альбо карупцыйных правапарушэньняў), сьцьвярджаў, што пры рэгістрацыі былі парушаныя Закон аб прыватызацыі і антыманапольны закон.
https://viciebskspring.org/news/pravy-pracounykh/item/2996-galadae-anar-ivanou#sigProIdc9b6c1702d
Але суд з розных прычын (у тым ліку – нібыта з адсутнасьці доказаў) адмовіўся распачынаць справу. Пракуратура і аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю таксама даслалі адпіскі.
А ўжо ў кастрычніку 2018-га супраць прадпрымальніка распачалі справаводзтва аб эканамічнай няздольнасьці (банкруцтве)…
“Гэта помста дзяржавы”
Анар Іваноў упэўнены, што гэта помста дзяржавы за ягоную барацьбу. Маўляў, каб не заява ў суд аб скасаваньні рэгістрацыі, каб ня спробы дакапацца да праўды – ягоныя запазычанасьці нікога б не цікавілі.
“Тым больш, у 2018 годзе я наогул ня маю перад дзяржавай даўгоў. Так, раней былі. Напрыклад, у 2015 годзе, – па выплатах у Фонд сацыяльнай абароны: у той год я не працаваў, зьмяняў від дзейнасьці, адчыніў цырульню. Запазычанасьць невялікая, і я паступова яе сплачваў праз судовых выканаўцаў. Я ж не адмаўляўся ад гэтых даўгоў…” – гаворыць прадпрымальнік.
Аднак некалькі дзён таму працаўнікоў цырульні папросту выгналі на вуліцу.
“Лічу, што са мной абышліся вельмі жорстка і несправядліва. Бяз працы засталіся каля 10 чалавек. А што застаецца мне? Абвясьціць галадоўку і сядзець тут да канца! Буду змагацца да апошняга”, – запэўнівае Іваноў.
Гэта ўжо трэцяя па ліку галадоўка Анара Іванова за тры апошнія гады. Паводле прадпрымальніка, гэтымі пратэстамі ён хоча дамагчыся зьменаў у мэханізме перадачы права на ўласнасьць старых будынкаў людзям, якія ў якасьці арандатараў карыстаюцца імі ўжо доўгія гады. Іваноў сьцьвярджае, што гэтая праблема тычыцца вялізнай колькасьці прадпрымальнікаў у Беларусі. Зьмены ў заканадаўстве маглі б прынесьці вялікую карысьць і самой дзяржаве, мяркуе галадоўнік.
Зьміцер Міраш