«Сёньня ў нас прайшло сход: распрацоўвалі тактыку, як будзем дзейнічаць у лістападзе. Вырашылі, што будзем працаваць і плаціць падаткі. Але як толькі на рынку зьяўляецца праверка – рэзка ўсе зачыняемся. І ўжо будзе складана вызначыць, на які час мы закрыемся. Закрыецца наш рынак у Полацку, хутчэй за ўсё, нас падтрымае рынак у Наваполацку. І, магчыма, празь дзень-два, і калегі ў Віцебску», – паведаміла адна з прадпрымальніц, сябра РГА «Пэрспэктыва».
Паводле яе слоў, у апошнія два тыдні новых праверак на рынку не было: «Як мы мяркуем, яны (супрацоўнікі кантралюючых органаў) проста чакалі, каб усё ўляглося і каб мы заплацілі за арэнду і падаткі за лістапад. Але нас непакоіць, што пасьля выплаты ўсіх гэтых плацяжоў на рынку высадзіцца цэлы “дэсант”».
Сытуацыю на Полацкім рынку прадпрымальніца ахарактарызавала як «неспакойную».
«Таму што людзі кожны дзень асьцерагаюцца новых санкцыяў. Падчас мінулых праверак у прадпрымальнікаў апісвалі выручку: па 19 мільёнаў, па 32 мільёны. І гэта будзе лічыцца, хутчэй за ўсё, як выручка, атрыманая празь незаконную ўгоду. У лістападзе, з 14-га па 20-е чысло, у гэтых прадпрымальнікаў адбудуцца суды. Адной жанчыне таксама пагражае адміністрацыйны штраф – да 100 базавых велічынь – за тое, што яна нібыта перашкодзіла праверцы, выгнала інспэктараў з ралетаў. Яна на пігулках жыве. Наогул уначы спакойна ў нас ужо ня сьпіць ніхто», – падзялілася прадстаўніца полацкага малога бізнэсу.