Папаліў – працу згубіў
Леанід адпрацаваў на прадпрыемстве «Шаркоўшчынскі райгаз» 20 гадоў. Апроч годнага заробку, шматкроць атрымліваў граматы і падзякі за выдатную працу. Але цяпер Леанід беспрацоўны, бо падчас вяртаньня з камандзіроўкі запаліў цыгарэту на паркоўцы каля пасялковай крамы.
Мужчынаў з цыгарэтамі заўважыла іхнае кіраўніцтва зь Віцебску і адчытала за паленьне. З паркоўкі працаўнікоў накіравалі на алькатэстэр, які паказаў нуль праміле, а пасьля загадалі зьявіцца на наступны дзень на працоўны сход.
«На агульным сходзе сам начальнік Вялічка Эдвард Эдвардавіч сказаў: «Усім ісьці ў прыёмную і напісаць заяву аб сыходзе». Мы пайшлі ў прыёмную і напісалі заявы, але ніякага ўласнага жаданьня не было. Гэта было пад прымусам. Проста мы ня думалі, што гэтая заява пойдзе ў ход, а што хацелі проста папужаць нас гэтым», – распавядае Леанід Лагун.
На прадпрыемстве вядзецца барацьба з паленьнем і п’янствам
Ня выключана, што гэтую сытуацыю кіраўніцтва выкарыстала, каб зладзіць паказное звальненьне, ня маючы на гэта законных падставаў. Час вяртаньня з камандзіроўкі лічыцца працоўным, але ў ім прадугледжаныя перапынкі на адпачынак. Юрыст сьцьвярджае, што ў гэтай сытуацыі можна было зрабіць працаўнікам вымову ці грашовае спагнаньне. Замест гэтага Леаніду з калегамі публічна загадалі напісаць заявы аб звальненьні.
«Яны маглі насамрэч не хадзіць на гэты сход. Але іх мала што прымусілі там прысутнічаць, усіх людзей. Дык яшчэ іх вымусілі гэтыя заявы напісаць. Таму гэтыя дзеяньні абсалютна незаконныя», – упэўнены Юры Белякоў, прававы інспэктар прафсаюзу РЭП.
Кіраўнік Леаніда адмаўляе сваё дачыненьне да звальненьня і дадае. Эдвард Вялічка даводзіць, што мужчыны самыя звольніліся, што іх ніхто да гэтага не прымушаў.
Знайсьці новую працу Леаніду будзе няпроста
Уладкавацца паводле спэцыяльнасьці на іншыя газавыя прадпрыемствы раёну малаімаверна, бо тамтэйшае кіраўніцтва акурат брала ўдзел у ягоным звальненьні. Іншых працоўных месцаў у пасёлку амаль няма, а заробкі ў раёне – самыя нізкія па краіне.
Леанід гадуе дваіх няпоўнагадовых дзяцей. На гэты момант ён з калегамі падаў заяву кіраўніку Браслаўскага вытворчага ўпраўленьня аб аднаўленьні на працы, а таксама ў прафсаюз аб спрыяньні ў вяртаньні працоўнага месца. Адказу з гэтых структураў пакуль не паступала.
Тацяна Белашова, belsat.eu