У гісторыі жыхаркі Віцебску Тацьцяны Іванаўны Сушкевіч няма нічога незвычайнага. Працавала на дзяржаўным прадпрыемстве не адзін дзясятак год. Пакуль была патрэбная і магла аддаваць сілы дзяржаве – жыла параўнальна няблага: мела хай і невысокі, але стабільны заробак, карысталася якімі-ніякімі льготамі, мела дах над галавой. Але ўсё ўраз зьмянілася, калі сілы кабеты вычарпаліся і надышоў час ёй выйсьці на пэнсію...
Пэнсійны век прынёс ня толькі зьмяншэньне даходаў – рэч звычайная, да якой мусяць прыстасоўвацца ці ня ўсе, хто «адпрацаваў сваё». Гэта на Захадзе, дзе «дзікі капіталізм», многія з выхадам на пэнсію толькі пачынаюць жыць – займаюцца дабрачыннасьцю, спортам, уласным здароўем, надаюць больш увагі свайму хобі, падарожнічаюць па ўсім сьвеце. У «сінявокай», улады якой абвясьцілі краіну «сацыяльна арыентаванай», раскошу бестурботнага стылю жыцьця могуць дазволіць сабе адзінкі – тыя, каму пашэнціла мець дзяцей з добрымі заробкамі, гатовых дапамагаць сваім старым, ды былыя дзяржчыноўнікі, якія за нейкія асаблівыя заслугі перад краінай маюць памер пэнсіі, што ў разы перавышае звычайную.
Тацьцяне Іванаўне не пашчасьціла: багатых дзяцей ня мае, чыноўніцай не была. Але ў тым няма нічога асабліва страшнага – жывуць жа неяк іншыя на звычайную беларускую пэнсію і ня дужа скардзяцца. Толькі вось высьветлілася, што, стаўшы пэнсіянэркай, жыць жанчыне аказалася няма дзе.
Прапрацаваўшы на дзяржаву амаль усё сваё сьвядомае жыцьцё, Тацьцяна Сушкевіч так і ня здолела набыць сабе ўласнае жытло. З 1982 году жыла ў ведамасным інтэрнаце – хай і не шыкоўныя ўмовы, але да іх прызвычаілася. Працуючы, не асабліва задумвалася пра будучыню. Верыла, што дзяржава не пакіне яе ля разьбітага карыта – бо ж так хораша дыктары з экрану тэлевізару распавядаюць, як у краіне клапоцяцца пра кожнага жыхара...
Але афіцыйная прапаганда – адно, а рэчаіснасьць – зусім іншае. Як толькі надышоў адпаведны ўзрост і з кабетай разарвалі працоўныя адносіны, адправіўшы яе на заслужаную пэнсію, запатрабавалі вызваліць пакойчык, у якім яна пражыла больш за трыццаць гадоў. Адбыўся суд, які пастанавіў выселіць былую работніцу – бо новаму пакаленьню працаўнікоў, якія поўныя сіл, каб працаваць на дзяржпрадпрыемстве, таксама недзе трэба жыць.
Дапамагчы новасьпечанай пэнсіянэрцы, на якую зьнячэўку навалілася бяда, падахвоціўся праваабаронца Павал Левінаў. Ён параіў ёй зьвярнуцца да «народнага абраньніка», дэпутата парлямэнту зь Віцебску Сяргея Бохана. Але той ці то не захацеў, ці то ня змог разьвязаць пытаньне. Дапамог праваабаронца Тацьцяне Іванаўне таксама скласьці скаргу на рашэньне суду аб яе высяленьні, але і скарга не дала плёну.
Ёсьць рашэньне суду – і бяздушныя шасьцярэнькі мэханізму дзяржаўнай машыны закруціліся. У адзін далёка не цудоўны дзень у пакойчык Тацьцяны Іванаўны наляцелі судовыя выканаўцы. «Мы толькі выконваем загад, а акалічнасьці справы нас не датычаць», – заявілі пекныя служэбніцы закону.
«А куды пажылой жанчыне цяпер ісьці?» – паспрабаваў быў заступіцца за пэнсіянэрку праваабаронца Павал Левінаў, які прыбыў на месца. – «Ня ведаем. Гэта – ня наша справа. Быў суд, а мы толькі выканаўцы», – прагучаў адказ.
Здавалася б, усё правільна. Бо ўсё зроблена ў адпаведнасьці зь літарай закону. І суд меў рацыю – прымаў рашэньне згодна з кодэксамі, і судовыя выканаўцы – яны толькі выканалі загаданае ім. Дый гісторыя спадарыні Тацьцяны Сушкевіч зусім не ўнікальная – такіх гісторыяў, калі людзі адпрацавалі сваё і пасьля былі выкінутыя на вуліцу, – тысячы.
Аднак становіцца страшна жыць у такой дзяржаве, якую ўлады чамусьці называюць «сацыяльна арыентаванай», і для якой насамрэч чалавек, які адпрацаваў усё жыцьцё на гэтую дзяржаву і ўжо нічога больш ня можа даць ёй, – нішто. Бо заўтра на месцы «адпрацаванага матэрыялу», далейшы лёс якога ўжо не турбуе «выканаўцаў», што служаць дзяржаўнай сыстэме, можаш аказацца і ты сам...
Кастусь Дзьвінскі