Панядзелак, 07 Лістапад 2022

Цуды ідэалагічнай асветы: у наваполацкім дзіцячым садку з’явілася лялька «Патрыёцік»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Ляльку ўласнымі рукамі пашыла тэхнічная работніца ясляў-садка №25 Наталля Гвоздзева. Гэта выява хлопчыка ў ільняных нагавіцах, белай кашулі і камізэльцы. Лялька стала «сімвалам аўтарскай адукацыйнай праграмы, накіраванай на фармаванне патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці»,—піша наваполацкая “Новая газета”. Паводле мясцовых журналістаў, цягам году “новы казачны герой” наведае ўсе групы дзіцячай установы з пазнавальнымі заняткамі.

Што за заняткі прадугледжаны ў межах праграмы? Пра гэта таксама можна прачытаць у артыкуле: «З нагоды знаёмства з незвычайным героем арганізавалі вясёлую канцэртную праграму. Дзеці спявалі песні на роднай мове, чыталі вершы, а потым узяліся за вывучэнне геаграфіі роднай краіны». Выхаванцы склалі «пазл» з выяваў абласцей Беларусі. А потым перад пяці-шасцігадовымі дзецьмі выступіла прадстаўніца пракуратуры, якая «распавяла пра наяўныя ў нашай краіне законы і тое, чаму іх важна выконваць».

Месяц таму «Віцебская вясна» паведамляла пра выступ работніцы пракуратуры перад выхаванцамі віцебскага дзіцячага садка № 58. Падобна, гэта ўжо стала трэндам у ідэалагічным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту. Незразумелым пакуль застаецца толькі адно: ці гэта работнікаў пракуратуры абавязалі хадзіць па дзіцячых садках, ці «крэатыў» належыць кіраўніцтву аддзелаў адукацыі, якія раяць запрашаць пракурораў у дзіцячыя садкі. А там, у сваю чаргу, імкнуцца ўразіць кіраўніцтва ўласнымі «ноу-хау», накшталт лялькі, якая не мае ўласнага імя, але ўжо «патрыёцік».

Міхась Хмара