Адміністрацыя навучальнай установы просіць дзяцей, якія маюць прыкметы прастуды, і тых, хто абавязаны прытрымлівацца рэжыму самаізаляцыі, заставацца ўдома.
Інфармуе таксама, што пакінуць дзяцей удома могуць і бацькі астатніх вучняў – «пры ўмовах самастойнага засваеньня імі вучэбнай праграмы ў адпаведнасьці з тымі заданьнямі, якія будуць даваць пэдагогі». Але папярэджваюць, што атэстацыя адсутных вучняў будзе адбывацца пасьля іх прыбыцьця ў вучэльню «згодна з устаноўленымі нормамі».
Кіраўніцтва кадэцкай вучэльні паведамляе таксама, што ва ўстанове штодзённа мераецца тэмпэратура ва ўсіх супрацоўнікаў, праводзіцца дэзынфэкцыя ўсіх памяшканьняў, выконваецца масачны рэжым, абмяжоўваецца правядзеньне масавых мерапрыемстваў.
Нагадаем, Міністэрства адукацыі другі раз падоўжыла вясеньнія вакацыі для школьнікаў. Цяпер – да 18 красавіка ўключна. Згодна з загадам міністэрства, адукацыйны працэс у IV чвэрці мае працягвацца ад 20 красавіка да 30 траўня 2020 году.
Між тым, міністар аховы здароўя Уладзімер Каранік заявіў нядаўна, што пік эпідэміі COVID-19 прыпадзе на канец красавіка – пачатак траўня.
Паводле інфармацыі, якую нам не ўдалося пацьвердзіць афіцыйна, беларускія школы рыхтуюцца да пераходу на дыстанцыйную форму навучаньня. Але ні настаўнікі, ні кіраўнікі навучальных установаў дагэтуль дакладна ня ведаюць, якое рашэньне прыме Міністэрства адукацыі.
Калі ж дыстанцыйная форма навучаньня ня будзе ўведзеная, то, паводле нашых назіраньняў, пераважная большасьць бацькоў школьнікаў (прынамсі ў некаторых школах) у Віцебску не зьбіраецца адпраўляць сваіх дзяцей на заняткі 20 красавіка, зважаючы на эпідэміялягічную сытуацыю ў горадзе ў сувязі з пандэміяй каронавірусу.
Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік яшчэ 12 сакавіка патрабаваў ад Віцебскага гарвыканкаму закрыць усе віцебскія школы на карантын. Улады палічылі тады такія захады непатрэбнымі.
Зьміцер Міраш