На прэмію штогод прэтэндуюць сотні кандыдатаў. Сярод іх сёлета былі Сусветная арганізацыя аховы здароўя, «Рэпарцёры без межаў», расійскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны, біёлаг і пісьменнік Дэвід Этэнбара. Таксама ў спісе фігуравалі Грэта Тунберг, Біл Гейтс і міністр замежных спраў Тувалу Сайман Кофэ.
У пазамінулым годзе Нобелеўскую прэмію міру атрымала Сусветная харчовая праграма ААН за «высілкі ў барацьбе з голадам, за ўнёсак у дасягненне міру ў зонах канфліктаў і за дзейнасць у якасці вядучай сілы ў дзеяннях, што прадухіляюць выкарыстанне голаду як зброі вайны ці канфліктаў». У мінулым — два журналісты, расіянін Дзмітрый Муратаў і філіпінка Марыя Рэса.
Згодна з запаветам Альфрэда Нобеля, прэмія міра прысуджаецца асобе ці арганізацыі, «якая больш і лепш усіх папрацавала для ўмацавання братэрства паміж народамі, для таго, каб распусціць ці скараціць дзейсныя арміі, альбо таму, хто спрыяў правядзенню мірных перамоваў».
Алесь Бяляцкі стаў адным з сімвалаў барацьбы беларускага народа за свабоду, правы і супраць вайны. Ëн з 2021 года знаходзіцца ў зняволенні за сваю праваабарончую дзейнасць.