Леанід Сьвецік, які зьвярнуўся ў Палату прадстаўнікоў з прапановай правесьці парлямэнцкія слуханьні, ставіць пад сумнеў якасьць прымусовага лекаваньня грамадзян, якія пакутуюць на алька- або нарказалежнасьць, у лячэбна-працоўных прафілякторыях (ЛПП). На ўтрыманьне, ахову і лекаваньне грамадзян у ЛПП дзяржава траціць велізарныя як матэрыяльныя, гэтак і нематэрыяльныя рэсурсы. Аднак пакуль ніхто глыбока ў ўсебакова не аналізаваў, наколькі высокая эфэктыўнасьць працы ЛПП з пункту гледжаньня эканомікі, маралі і гуманнасьці.
У сваім звароце да парлямэнтароў віцебскі праваабаронца таксама зьвярнуў увагу на тое, што кіраўнікі ўстановаў Дэпартамэнту па выкананьні пакараньняў, у непасрэдным распараджэньні якога знаходзяцца ЛПП, усяляк пазьбягаюць афішаваць, што адбываецца за калючым дротам і высокімі платамі лячэбных установаў. Таму, як сьцьвярджае Леанід Сьвецік, многімі грамадзянамі і праваабарончымі грамадзкімі арганізацыямі адмоўна ўспрымаецца тая акалічнасьць, што сыстэма ЛПП знаходзіцца ў распараджэньні МУС – дзяржаўным органе, прызначэньне якога – караць, а не лекаваць.
Апроч таго, на думку праваабаронцы, сам факт утрыманьня ў ЛПП грамадзян, якія маюць патрэбу ў лекаваньні ад алькагалізму і наркаманіі, прыніжае іх чалавечую годнасьць. Ён таксама адзначае, што грамадзкімі арганізацыямі і мэдычнымі работнікамі мэтад лекаваньня па формуле «прымусовае лекаваньне праз прымусовую працу» ўспрымаецца як парушэньне правоў чалавека, у прыватнасьці парушэньне артыкулу 8 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.
Зыходзячы з вышэйпададзенай аргумэнтацыі, Леанід Сьвецік прапанаваў пастаяннай камісіі ПП НС па правох чалавека, нацыянальных стасунках і сродках масавай інфармацыі выступіць ініцыятарам правядзеньня парлямэнцкіх слуханьняў па тэме «Вынікі правапрымяненьня Закону Рэспублікі Беларусь “Аб парадку і ўмовах накіраваньня грамадзян ў лячэбна-працоўныя прафілякторыі і ўмовах знаходжаньня ў іх”».
Адказ Леаніду Сьвеціку на яго прапанову прыйшоў за подпісам старшыні пастаяннай камісіі Андрэя Навумовіча. Ён паведаміў праваабаронцу, што 14 траўня 2014 году Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу быў прыняты праект Закону «Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях накіраваньня грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілякторыі і аб умовах знаходжаньня ў іх» (гэты закон набыў моц 29 чэрвеня 2014 году).
«Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – сябры Камісіі актыўна ўдзельнічалі ў разглядзе праекту згаданага закону. Напрыклад, па маёй прапанове ў яго было ўнесенае палажэньне пра магчымасьць скарачэньня тэрміну знаходжаньня грамадзяніна ў лячэбна-працоўным прафілякторыі. Законам таксама замацаваная норма пра спыненьне знаходжаньня ў лячэбна-працоўным прафілякторыі грамадзян, якія дасягнулі пэнсійнага ўзросту (мужчын – шасьцідзесяці гадоў, жанчын – пяцідзесяці пяці гадоў), цяжарных жанчын, інвалідаў I і II групы, грамадзян з захворваньнем, што перашкаджае іх знаходжаньню ў лячэбна-працоўным прафілякторыі, па рашэньні начальніка лячэбна-працоўнага прафілякторыя», – паведаміў Андрэй Навумовіч.
Старшыня пастаяннай камісіі ніжняй палаты беларускага парлямэнту праінфармаваў праваабаронцу таксама пра тое, што 14 траўня 2015 году ў Менскай вобласьці адбыўся сэмінар на тэму «Умовы ўтрыманьня асобаў ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сыстэмы Рэспублікі Беларусь і парадак функцыянаваньня папраўчых установаў». Апроч дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ў сэмінары ўзялі ўдзел прадстаўнікі Адміністрацыі прэзыдэнта, Генэральнай пракуратуры, МУС, Савету Рэспублікі НС, Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў, кіраўнікі мясцовых органаў улады. На згаданым сэмінары абмяркоўвалася і пытаньне функцыянаваньня лячэбна-працоўных прафілякторыяў.
«У сувязі з гэтым, а таксама з улікам таго, што з моманту ўступленьня ў сілу апошніх зьменаў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб парадку і ўмовах накіраваньня грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілякторыі і ўмовах знаходжаньня ў іх” мінула менш за год, лічым ініцыяваньне пытаньня аб правядзеньне згаданых парлямэнцкіх слуханьняў ў цяперашні час немэтазгодным», – гэтак завяршыў свой адказ на прапанову праваабаронцы Леаніда Сьвеціка старшыня пастаяннай камісіі ПП НС па правох чалавека, нацыянальных стасунках і сродках масавай інфармацыі Навумовіч.