«…пастаянна вырабляю і распаўсюджваю, ня маючы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь акрэдытацыі, інфармацыю на замежным інтэрнэт-сайце facebook.com», – гаворыцца ў заяве.
У сувязі з гэтым Левінаў просіць начальніка абласной міліцыі Грыба «даць даручэньне аб пачатку ў дачыненьні яго адміністрацыйнага працэсу за дзеяньні, адказнасьць за якія ўстаноўленая часткай 2 артыкулу 22.9 КаАП РБ».
Праваабаронца патлумачыў, што гэтай заявай «ловіць на жыўца».
У Беларусі ні «Фэйсбук», ні «Інстаграм», ні «ВКонтакте», ні іншыя сацсеткі не зарэгістраваныя як замежныя сайты і сродкі масавай інфармацыі. З гэтымі сайтамі, ня маючы аніякай акрэдытацыі, супрацоўнічаюць ня толькі простыя грамадзяне, але і міліцыянты, і судзьдзі, і пракуроры. Рэгулярна публікуе ў іх пасты і сам Павал Левінаў, чым парушае беларускае заканадаўства аб СМІ.
«І калі мяне прыцягнуць да адказнасьці, тады трэба прыцягваць і тых, каго я пералічыў – міліцыянтаў, пракурораў і г.д. А калі не прыцягнуць да адказнасьці, тады паўстае пытаньне: чаму прыцягваюць да адказнасьці за тыя ж самыя, па сутнасьці, дзеяньні журналістаў?.. І вось гэтае пытаньне вельмі цяжкае для ўладаў», – сьцьвярджае праваабаронца Павал Левінаў.
Паводле ч.2 арт. 22.9 КаАП незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ караецца штрафам у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь.
Як падлічыла Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), толькі ў 2019 годзе незалежных журналістаў паводле гэтага артыкулу судзілі 44 разы. Агульная сума штрафаў склала за год 41 тыс. 284 рублі.
Зьміцер Міраш