Усім наведнікам уручылі пакеты з сувэнірамі. Там каляндар на наступны год з фотахронікай “Вясны” за 20 гадоў, кніга ўспамінаў актывістаў арганізацыі і мэталёвая кварта з выгравіраванай на ёй назвай цэнтра-юбіляра. З такіх п'юць у месцах пазбаўленьня волі.
Адкрыў вечарыну Алесь Бяляцкі.
– 26 красавіка Ў Менску на плошчы Коласа сабралася 40-тысячная дэманстрацыя, Адна з сэрыяў акцыяў 95-96 гадоў, якія спрабавалі затармазіць гэтае скатваньне Беларусі ў постсавецкую мінуўшчыну.
Бяляцкі назваў 1996 год трагічным, бо тады “быў пераламаны хрыбет беларускай дэмакратыі”.
– Тая дэманстрацыя была жорстка разагнаная. Гэта быў яўны загад на спыненьне вулічнай дэмакратыі. З 1988 году мы ня бачылі такіх рэпрэсіяў, сотні людзей былі затрыманыя, былі распачатыя крымінальныя справы.
Тады актывісты склалі хроніку парушэньняў правоў чалавека, набіралі яе на друкарскай машынцы, як савецкія дысыдэнты калісьці рыхтавалі “Хроніку бягучых падзеяў”. Адбывалася гэта ў музэі Максіма Багдановіча. Там і працаваў дырэктарам Алесь Бяляцкі. У музэі зьбіралі ежу і давалі ў пакетах ўсім, хто выходзіў з турмы, і сваякам тых, каго не выпускалі. Так пачыналася “Вясна”.
– Склалі мы ўсе дакумэнты, заходжу я ў гарадзкі аддзел падаваць на рэгістрацыю. Сядзяць два юрысты: Адзін старэйшы, гадоў за 50, другі – каля трыццаці. П'юць. Дзьве чаркі на стале, гарэлка пад сталом. Кажуць: чаго прыйшоў? Я кажу: арганізацыю рэгістраваць.
Юрысты прапанавалі Бяляцкаму два варыянты: выпіць зь імі і зарэгістраваць “Вясну” “па-хуткаму”, за два тыдні, або “паводле закону” – за месяц. Для “хуткага” варыянту трэба было выпіць зь імі дзьве чаркі каньяку, успамінае праваабаронца. Ён адмовіўся. Рэгістравалі даўжэй.
– Яны, дарэчы, дапамаглі памылкі выправіць, сказалі, што яшчэ трэба дапісаць. Мы адразу пачалі праводзіць нейкія пікеты, казаць пра палітзьняволеных, зьбіралі грошы.
У 2003 годзе “Вясну” пазбавілі рэгістрацыі, як і некалькі сотняў іншых арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці. Прычына ў выпадку зь “Вясной” – удзел яе сябраў у назіраньні за выбарамі 2001 году.
Наступная хваля ўціску – 2011 год: ператрусы і канфіскацыі наконт справы пра масавыя забурэньні, пасьля крымінальная справа супраць Алеся Бяляцкага нібыта за нявыплату падаткаў. Вызвалілі праваабаронцу паводле амністыі ў 2014 годзе.
– За ўвесь гэты час мы здолелі правы чалавека зрабіць актуальнай рэччу ў жыцьці маладога пакаленьня. Багата людзей разумеюць, што гэтя стабільнасьць і бясьпека. Гісторыя “Вясны” – адбітак гісторыі нашага грамадзтва. Мы працягваем ісьці па сваiм шляху, асноўная наша місія ня скончаная. Усё наперадзе. Жыве Беларусь!
Прысутныя адказалі дружным “Жыве”. Слова ўзялі дыпляматы.
– Я сам даўно працую ў галіне правоў чалавека, але ў значна больш камфортных умовах, ніж вы. Таму “Вясна” мяне натхняе. Я ведаю, што ваша праца патрабуе ахвяр, спадар Бяляцкі правёў у турме тры гады, – заявіў Омэр Фішэр, намесьнік кіраўніка дэпартамэнту БДІПЧ АБСЭ па правох чалавека.
Паводле слоў Фішэра, АБСЭ выступае за тое, каб дзяржавы дапамагалі праваабарончым арганізацыям атрымаць рэгістрацыю, а не заміналі. Але калі яны ня хочуць рэгістравацца, яны ўсё адно мусяць мець магчымасьць працаваць, перакананы прадстаўнік БДІПЧ.
– Атрыманьне рэгістрацыі – гэта права, а не абавязак.
Спадар Фішэр распавёў, што сайт spring96.org – найважнейшая крыніца інфармацыі пра Беларусь для яго, і пажадаў “Вясьне” наладзіць канструктыўнае супрацоўніцтва з уладамі, як бы складана гэта ні было зрабіць.
Кіраўнік палітычнага аддзелу прадстаўніцтва ЭЗ Джым Казэнс:
– Я заўсёды быў уражаны, наколькі людзі ў “Вясьне” адважныя... Я памятаю, як пасьля арышту Алеся Бяляцкага ўсе насілі саколкі зь яго чорна-белым партрэтам. Рады бачыць вас у колеры і жыўцом, і больш ня бачыць гэтыя цішоткі, – сказаў эўрапейскі дыплямат кіраўніку “Вясны”.
Колішні кіраўнік Вярхоўнага савету, які паставіў свой подпіс пад Канстытуцыяй, Мечыслаў Грыб распавёў, чаму праваабаронцам у Беларусі цяжка працаваць:
– Лягчэй абараняць правы асобы, якія парушыла іншая асоба. А калі гэта робяць дзяржаўныя ўстановы, якія падтрымліваюць адна адну... Міліцыю падтрымлівае суд, пракуратура, Яны ўсе знаходзяцца ў адным зьвязе.
Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак падзякаваў “Вясьне”, што яна заўсёды была надзейным партнэрам.
– Гісторыя “Вясны” – гэтя найноўшая гісторыя Беларусі. З усімі яе хібамі і складанасьцямі. Пакуль, мабыць, ня столькі перамог, колькі хацелася б, але 20 гадоў – гэтя таксама перамога.
Гулак распавёў, як надоечы быў на 40-годзьдзі Маскоўскай Хэльсынскай групы.
– Я глядзеў на Людмілу Аляксееву, якая вельмі заслужаны, але, на жаль, ужо немалады чалавек [ёй 88 гадоў]. Мне было вельмі сумна, што людзі пасьля 40 гадоў працы, ужо, прабачце, на схіле жыцьця, бачаць тое, што яны бачаць у сёньняшняй Расеі. Я хачу пажадаць Алесю, каб мы хутчэй, ніж праз 20 гадоў, маглі сказаць, што “мы рабілі І зрабілі”.
Каардынатар праектаў камітэту рэпрэсаваных “Салідарнасьць” Натальля Літвіненкі пажадала “Вясьне”, каб працы з гадамі рабілася ўсё меней.
– Я хачу пажадаць, каб у адзін цудоўны вясновы дзень у вас засталася толькі ваша школа па правох чалавека. Там вы распавядалі б пра ваш досьвед работы, а ніхто ня верыў бы ў гэтыя “байкі”, бо ў іхнай Беларусі такое будзе немагчыма.
Відэавіншаваньне зь Вільні даслала высланая з краіны кіраўніца “Цэнтру прававой трансфармацыі” Алена Танкачова.
Адзін з найвыбітнейшых юрыстаў арганізацыі Валянцін Стэфановіч распавёў, як прыйшоў у “Вясну”, бо быў “дурны і малады”.
Дырэктар інфармагенцыі БелаПАН Алесь Ліпай падарыў “Вясьне” млын, які “павінен перамалоць усе цяжкасьці”.
Вечарыну жывым выступам скончыў гурт “Крама”.
https://vitebsk.dns.army/news/pravaabaroncy/item/1657-nasha-misiya-nya-skonchanaya-usjo-naperadze-vyasna-adznachyla-svajo-20-godzdze#sigProId263ebee1d5
Паводле: Арцём Шрайбман, TUT.BY
Фота: Сяргей Балай