Хочучы зладзіць 10 сьнежня 2013 году пікеты, Павал Левінаў падаў ва ўсе тры раённыя адміністрацыі Віцебска адпаведныя заявы. Аднак у парушэньне Закону Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» намесьнікі кіраўнікоў адміністрацыяў раёнаў разглядалі зварот больш за месяц, замест належных 15-ці дзён.
Таксама чыноўнікі не даслалі копіі заяваў Левінава аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў у раённыя аддзелы ўнутраных спраў, каб тыя разгледзелі пытаньні, зьвязаныя з аховай грамадзкага парадку і забесьпячэньнем грамадзкай бясьпекі, чым парушылі адпаведную пастанову ўраду.
Палічыўшы, што намесьнікі кіраўнікоў адміністрацыяў А. Кандратовіч, В. Гурчанка і Н. Ляпёшкіна груба патапталі нормы Закону Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» і Пастанову Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 2012 г. № 207, праваабаронца зьвярнуўся ў гарадзкую пракуратуру.
У сваёй скарзе Левінаў прасіў пракурора Віцебску Юрыя Раманоўскага прымяніць да бюракратаў – намесьнікаў кіраўнікоў адміністрацыяў самыя строгія меры пракурорскага рэагаваньня ў сувязі з парушэньнем імі дзейнага заканадаўства краіны. І, да шчырага зьдзіўленьня праваабаронцы, пракуратура пагадзілася зь ягонымі довадамі – вынесла афіцыйныя папярэджаньні высокапастаўленым чыноўнікам.
Цяпер слова за кіраўнікамі адміністрацыяў Кастрычніцкага, Першамайскага і Чыгуначнага раёнаў Віцебску, якія павінны задумацца аб прафэсійнай прыдатнасьці сваіх намесьнікаў.