Рамонт запланавана распачаць у верасні гэтага года і завяршыць у лютым 2024-га. Краязнаўцы заклапочаныя тым, ці не парушыць рэстаўрацыя і замена франтонаў гістарычнага абліччы архітэктурнага помніка .
Пасля прыяднання Глыбоччыны да БССР, у 1939 г. у манастырскім комплексе размясцілі турму НКУС. Падчас Другой Сусветнай вайны нацысты заснавалі у Беразвецкіх мурах канцлагер. У 1945 г. тут зноў адчынілі турму... Унікальны помнік архітэктуры, які мог бы прыцягваць у Глыбокае мноства турыстаў, аказаўся на дзесяцігоддзі схаваны за калючым дротам.
У сакавіку гэтага года Глыбоцкі УКС шукаў спецыялістаў для выканання пошукавых работ для выяўлення манументальных роспісаў або іншых аўтарскіх твораў у будынку турэмнага корпуса. Гэтыя працы ацэньваліся ў 27 254.95 рублёў. Але на сайце goszakupki.by пазначана, што ў азначаны тэрмін закупка не адбылася. Таму не зразумела, ці праводзіліся ўвогуле ўвогуле пошукі, і з якім вынікам.
Між тым, у гістарычнай літаратуры сустракаюцца звесткі пра тое, што насценныя роспісы ў Беразвецкім кляштары насамрэч былі - «фрэскі пурпуровага каларыту, выкананыя невядомым італьянскім мастаком. Тэматыка фрэскавага жывапісу ўключала падзеі з жыцця Багародзіцы».
Сёння ПК-13 мае дрэнную славу: тут вельмі суровыя ўмовы ўтрымання, вядома пра выпадкі не аказання медычнай дапамогі і нават пра смерці зняволеных. У Глыбоцкую калонію (яна мае «народную» назву «Беразвечча» – паводле назвы мясцовасці, дзе існаваў калісьці велічны кляштарны комплекс -- звычайна размяркоўваюць асуджаных па крымінальных артыкулах за забойствы або так званых «рэцыдывістаў». На дадзены момант тут утрымліваюць дваіх палітзняволеных: палітыка Мікалая Статкевіча, асуджанага да 14 гадоў зняволення (па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя масавых беспарадкаў), і жыхара Меншчыны Віталя Мельніка, асуджанага да 13 гадоў зняволення паводле чатырох крымінальных артыкулаў, у тым ліку за абразу Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368) і за тое, што ён у сакавіку 2022 г. нібыта падпаліў рэлейную шафу святлафора аўтаматычнай блакіроўкі, чым вывеў са строю сістэму сігналізацыі чыгункі.
Міхась Хмара