«Прывезлі ў аддзел паліцыі на метро «Баўманскі». Па метро везлі ў кайданках. Я ў федэральным вышуку. Паліцыянты сказалі, што, як і іншых расейцаў, адправяць у Беларусь. Звычайная практыка. Адвакат мне не патрэбны», – коратка паведаміў чытачам свайго тэлеграм-каналу Дзяніс Зорын.
Гісторыя пераследу Дзяніса пачалася 29 снежня 2020 года, калі яго затрымалі ў Верхнядзвінску на трое сутак для правядзення следчых дзеянняў у межах заведзенай у дачыненні да яго крымінальнай справы паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») за ганебныя пасты ў сацсетках на адрас сілавікоў.
Пра сваё затрыманне і «турэмныя прыгоды» Дзяніс напісаў кнігу «72 гадзіны». 9 сакавіка 2021 года ён з'ехаў у Расею, але крымінальная справа ў Беларусі супраць яго не была закрытая.
Познім вечарам 22 студзеня пасля шматгадзіннага допыту ў следчым камітэце ў Цверы, Дзяніса вызвалілі. Расейскія паліцыянты канфіскавалі ў яго ўсе гаджэты.
«Вялікі дзякуй праваабаронцам, якія напісалі мне, і нават нанялі адваката, але ў мяне ёсць дзяржаўны абаронца, дзівосны дзядуля. За мяне не хвалюйцеся, я стаўлюся да ўсяго з гумарам, але матаю на вус, што Расея гатовая знішчыць кожнага свайго грамадзяніна на карысць людаедскім рэжымам. Кожны грамадзянін РФ павінен пра гэта памятаць кожны дзень», – паведаміў Зорын у сваім тэлеграм-канале.
Міхаіл Пісараў