У аснове кнігі, выдадзенай сёлета ў «Бібліятэцы Свабоды», ляжаць дакумэнтальныя аповеды людзей, якія пабывалі за кратамі і сталі пасьля героямі перадачы «Свабода ў турмах», што выходзіла на Радыё Свабода на працягу 2011-2017 гадоў. Аўтарка кнігі і вядоўца перадачы Алена Струвэ прыехала ў Віцебск, каб ня толькі прэзэнтаваць кнігу, але і расказаць, якія сюжэты разгортваюцца ў пэнітэнцыярных установах.
«Гэтая кніжка пра розныя сфэры жыцьця, калі можна так сказаць, за кратамі: гэта і побыт, і праца, гэта і падзел на мужчынскія і жаночыя зоны, дзіцячыя зоны, гэта таксама розныя масьці крымінальнікаў – таму што перадача ў асноўным была прысьвечаная крымінальнікам, людзям, якія сядзелі па крымінальных артыкулах. Хаця пра палітычных кажуць, што яны таксама крымінальнікі. Наша кіраўніцтва так кажа. Але ў асноўным гэта людзі, якія сядзелі там за мех бульбы або ашуканства», – сказала на пачатку прэзэнтацыі аўтарка.
У кнізе закранаюцца тэмы наркаманіі, стукацтва, палітычных зьняволеных, стасункаў вязьняў паміж сабою, а таксама з турэмшчыкамі. Ёсьць вялікі разьдзел, прысьвечаны мэдыцыне за кратамі. Як напісана ў кнізе, «цяперашняя турэмная мэдыцына ў Беларусі – гэта два рэспубліканскія шпіталі і больш за тры дзясяткі мэдчастак, якія ёсьць пры любой турэмнай установе ад сьледчага ізалятару, калёніі да ЛПП». Паводле Алены, атрыманьне зьняволенымі мэдычнай дапамогі ёсьць вялікай праблемай. Асабліва гэта тычыцца стаматалёгіі. Многім вязьням не ўдаецца дамагчыся такога кшталту дапамогі, і ім даводзіцца або хадзіць з зубным болем, або вырашаць праблемы радыкальнымі мэтадамі – выбіваць зубы ці вырываць падручнымі сродкамі. І большасьць людзей, якія выходзяць з турмы, маюць у далейшым праблемы з зубамі. У многіх зь іх яны цалкам або часткова адсутнічаюць.
Закрануў мэдычную праблему і Сяргей Парсюкевіч, які падчас зьняволеньня ў Жодзіне быў зьмешчаны ў санчастку. У палаце зь ім апынуліся выключна псыхічна хворыя людзі. Практыкуецца такое, на думку былога палітвязьня, з мэтай аказаньня псыхалягічнага ціску на нармальных зьняволеных, каб маральна іх зламаць і паменшыць сілу волю. З праблемай лекаваньня зубоў ён сутыкнуўся таксама.
Цікавы разьдзел прысьвечаны турэмнай мове. «Феня – гэта сацыядыялект, чалавек звонку нічога не зразумее. Ён спэцыяльна створаны для таго, каб яго не разумелі ні кантралёры, ні судзьдзі. Яны могуць агучваць інфармацыю, якую так ці інакш не зразумееш. І элемэнтарная фраза "Па фене ботаеш" азначае, цi размаўляеш ты на гэтай мове», – сказала аўтарка і дадала, што «кантралёры ведаюць феню лепш, чым самі зэкі». «Бота» і многія іншыя жаргонныя словы паходзяць, паводле Алены, ад мовы ідыш.
Ёсьць у кнізе і сюжэты, зьвязаныя зь Віцебскам. «Адна з гераінь – ваша віцебская зямлячка Любоў Кавалёва, яна давала інтэрвію нам. І гэта аповед, які камэнтуе Алкаеў (былы начальнік менскага СІЗА №1, які кіраваў камандай, што выконвала сьмяротныя прысуды – рэд.), – гэта сумная і трагічная гісторыя, якая зьвязаная зь яго сынам і яго сябрам. Распавядаецца і пра калёнію, у якой сядзеў Казулін – пра гэтую «Віцьбу». Таксама распавядаюць крымінальнікі пра ўцёкі, але ня зь «Віцьбы», а з аршанскай калёніі. І камусьці там атрымалася ўцячы», – дзялілася аўтарка кнігі.
Скончылася імпрэза аўтограф-сэсіяй ад аўтара.
https://viciebskspring.org/news/penitencyjarnaja-systema/item/2894-knigu-pra-turemnae-zhytstsjo-belarusau-prezentavali-u-vitsebsku#sigProId79b3190399
Уладзімер Бяляўскі