Аўторак, 29 Ліпень 2025

Мікіта Лосік: У кожнай камеры віцебскага СІЗА ёсць 1-2 чалавекі па справе “Беларускага Гаюна”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Мікіту Лосіка, малодшага брата палітвязня журналіста Ігара Лосіка, асудзілі за фота ваеннай тэхнікі, адпраўленае ў канал «Беларускі Гаюн». Віцебскі абласны суд  прыгаварыў яго да 3-х гадоў абмежавання волі (“хіміі”), але Мікіта змог пакінуць Беларусь. З красавіка да пачатку ліпеня хлопца ўтрымлівалі ў віцебскім СІЗА-2, і ён дакладна ведае, што па справе “Беларускага Гаюна” ен там быў далека не адзіны.

Мікіту Лосіка, у адрозненне ад іншых палітвязняў, не пераводзілі з камеры ў камеру. «Усе, каго пераводзілі з іншых камер да мяне, казалі, што ў іх тое самае: па 2-3 чалавекі па "Гаюне" ёсць», распавёў былы зняволены.

З ягонага аповеда, спачатку следчыя заводзяць крымінальную справу, па якой праходзіць "група неўстаноўленых асоб". Падстава для завядзення справы - гэта злітая база дадзеных паводле  дасланых матэрыялаў  у тэлеграм-бот "Гаюна". Бліжэй да закрыцця справы, калі заканчваецца следства і матэрыялы перадаюцца ў пракуратуру і затым суд, Мікіту вывелі з "агульнай" справы, дзе згадваліся неўстаноўленыя асобы, у асобную, дзе быў толькі ён. Ен мяркуе, што такім чынам вылучаюцца ўсе персанальныя справы, дзе частка  - агульныя матэрыялы наконт “Беларускага Гаюна”.

 Мікіту Лосіка затрымалі сёлета ў красавіку ў Оршы - там ён працаваў праграмістам на інструментальным заводзе. У інтэрв’ю “Медыязоне” ён распавёў  , якія захады бяспекі ён прадпрымаў, даведаўшыся пра злітую базу дадзеных, і чаму гэта не дапамагло.

"Беларускі Гаюн» — праект, які публікаваў дадзеныя аб перамяшчэнні расейскіх войскаў і «заходах» дронаў у Беларусь, а таксама іншую інфармацыю, звязаную з вайсковай актыўнасцю ў краіне. Канал з'явіўся пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, на яго былі падпісаны больш за паўмільёна чалавек. Прызнаны беларускімі ўладамі "экстрэмісцкім фармаваннем".

 5 лютага 2025 года стваральнік праекту Антон Матолька абвясціў, што сілавікі атрымалі доступ да чату «Гаюна» у тэлеграме. Туды робат перанакіроўваў паведамленні ад людзей, якія дасылалі фота, відэа і іншую інфармацыю. Такім чынам у руках сілавікоў апынуліся тысячы паведамленняў з дадзенымі карыстальнікаў тэлеграма, якія адпраўлялі інфармацыю "Гаюну". Неўзабаве праект спыніў працу, а праваабаронцы паведамілі пра першыя затрыманні людзей па гэтай крымінальнай справе.

Вольга Сярдова