Пра тое, што Пачобуту на паўгода працягнулі ўтрыманне ў ПКТ - у спецыяльнай турэмнай камеры на тэрыторыі калоніі -- паведаміў Тэлеграм- канал «Право имеют».
У наваполацкай калоніі на яго ўвесь час аказваюць ціск: вядомыя выпадкі, калі яго змяшчалі ў ШІЗА, не давалі неабходныя лекі, змушалі пісаць прашэнне аб памілаванні. У ПКТ яго таксама пераводзілі некалькі разоў, і цяперашні - чарговая спроба ціску на Анджэя Пачобута.
Паводле назіранняў праваабаронцаў, змяшчэнне палітвязняў у памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на паўгода ці болей можа папярэднічаць усчынанню крымінальнай справы паводле арт. 411 КК РБ (злоснае непадпарадкаванне распараджэнням адміністрацыі калоніі). Вынікам судоў па гэтай справе, як правіла, бывае падаўжэнне тэрміну зняволення.
25 сакавіка 2025 года споўнілася роўна чатыры гады, як Анджэй Пачобут знаходзіцца за кратамі. За гэты час у журналіста істотна пагоршыўся стан здароўя. Ён пакутуе на гіпертанію, мае праблемы з сэрцам і зрокам.
Увосень 2024 года ў якасці ўмовы вызвалення Анджэя Пачобута гаварылася пра ягоны ад’езд з Беларусі. Пра тое, што палітвязень Андрэй Пачобут нібыта сам не хоча памяняць беларускую турму на Польшчу, заяўляў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі нацыянальных супольнасцяў, якія жывуць у Беларусі. Прапагандыст Юрый Васкрасенскі сцвярджаў, што журналіста нібыта гатовыя былі выпусціць з умовай, што яго забярэ на тэрыторыі Беларусі сам міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Але польскі бок не аднойчы заўважаў, што ў гэтым пытанні варта зважаць на пазіцыю самога палітвязня і лічыцца з тым, што ён можа не пагадзіцца на тое, каб пакінуць Беларусь без магчымасці туды вярнуцца.
Міраслаў Шайбоўскі