Пятніца, 06 Верасень 2024

Адбыўшы тры гады "хіміі", вызваліўся палітвязень Аляксандр Вольскі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Аляксандр - аршанец, ён быў затрыманы 1 лістапада 2021 года ў межах крымінальнай справы аб распальванні сацыяльнай варожасці (арт. 130 Крымінальнага кодэксу) за пост ва "ВКонтакте". 17 лютага 2022 года Вольскага асудзілі да 3 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Тэрмін пакарання адбываў у мінскай ПУАТ №36. У першых ліках верасня ён выйшаў на волю.

Аляксандр Вольскі быў асуджаны за абразу міліцыянта ў сацыяльнай сетцы, піша аршанскі партал orsha. eu.

Паводле матэрыялаў судовай справы, мужчыну прызналі вінаватым за каментар, «напісаны з прычыны інфармацыі пра супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў МУС у дачыненні да мірных пратэстоўцаў».

6 ліпеня 2022 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Аляксандра Вольскага палітычным зняволеным. Бо, на думку праваабаронцаў, «прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і гд», а таму з’яўляецца неабгрунтаваным.

Таццяна Віктарава