Чацвер, 01 Жнівень 2024

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітычнай зняволенай Нэлі Алфёраву

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Полацкую мастачку і рамесніцу затрымалі за абразу прадстаўніка ўлады (артыкул 369 Крымінальнага Кодэкса) і накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Пад увагу сілавікоў яна трапіла пасля таго, як вярнулася з Польшчы ў 2023 годзе. За мяжой яна запісвала відэаролікі пра цяжкасці эмігранцкага жыцця, якія выкарстала ў прапагандысцкіх мэтах беларускае тэлебачанне.

У 2019 годзе Алфёрава была ўдзельніцай выбараў у Палату прадстаўнікоў, балатавалася па Полацкай выбарчай акрузе №27. У 2021 годзе вырашыла з'ехаць у Польшчу, але ў 2023 годзе вярнулася. У сацсетках яна шмат пісала пра карупцыю на мясцовым узроўні і крытыкавала беларускія ўлады. «Если продолжать допускать психически нездоровых людей до управления страной - это равно, что подписать казнь народу. Обяжите пройти тест - каждого из Президентов», - пісала Алфёрава летась у канцы лістапада.

Сябры і блізкія заўважалі, што допісы жанчыны часам бывалі сумбурнымі, а ўчынкі – непрадказальнымі, што яна скардзілася на псіхалагічнае знясіленне і сама шукала ад гэтага паратунку – чытала шмат літаратуры па псіхалогіі.

Якія канкрэтна допісы Нэлі Алфёравай сталі падставай для затрымання, пакуль не вядома. Жанчына адна выхоўвала непоўнагадовага сына, які мае інваліднасць. Цяпер падлетак застаўся з бабуляй.

Раней "Віцебская вясна" падрабязна расказвала асабістую гісторыю Нэлі Алфёравай. Нягледзячы на стан здароўя, 19 ліпеня жанчыну прызналі «экстрэмісткай» - яе імя і прозвішча ўключана ў адпаведны спіс МУС.

Павел Бруханаў